Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі музычны тэлеканал аштрафавалі за вобразы, якія «культуральна не адпавядалі вобразу мужчыны традыцыйнай палавой арыентацыі»


Сьпявак Філіп Кіркораў перад пачаткам сьвяточнага шоў

Басманны раённы суд Масквы апублікаваў рашэньне пра штраф на 1 млн расейскіх рублёў (прыблізна 13,5 тысяч даляраў), які быў накладзены на тэлеканал Муз-ТВ. Галоўнага рэдактара тэлеканалу Андрэя Разыграева абавязалі выплаціць 100 тысяч рублёў.

Штраф наклалі за паказ праграмы «Прэмія Муз-ТВ. Пачатак святла» з узроставым абмежаваньнем 16+. Пасьля гэтай трансьляцыі на тэлеканал завялі справу па артыкуле аб прапагандзе нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх.

Як вынікае з судовага рашэньня, перадачу аналізаваў «Цэнтар спэцыяльных дасьледаваньняў і экспэртыз». Яго экспэрты прыйшлі да высновы, што вобразы гасьцей праграмы «культуральна не адпавядалі вобразу мужчыны традыцыйнай палавой арыентацыі» ў Расеі.

Да прыкладу, экспэрты зьвярталі ўвагу на макіяж, нафарбаваныя пазногці, даўгія валасы і «жаноцкую міміку і жэсты».

На тэлеканал паскардзіліся за трансьляцыю ўручэньня прэміі «Муз-ТВ 2021» сёлета ў чэрвені. Тэлеканал паказаў у эфіры, у прыватнасьці, сьпевакоў Філіпа Кіркорава і Даву ў вобразе маладых, якія бяруць шлюб, а таксама блогераў Ігара Сіняка ў сукенцы і Даню Мілохіна ва ўборы напалову з сукенкі, напалову са смокінга.

Пасьля гэтага грамадзкая ўпаўнаважаная па абароне сям’і Вольга Баранец напісала заяву ў паліцыю, а Раскамнагляд паабяцаў праверыць запіс эфіру на прадмет парушэньня закону аб забароне так званай гей-прапаганды непаўналетнім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG