Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: перасьлед расейцаў у Беларусі выклікае занепакоенасьць


Дзьмітрый Пяскоў

У Крамлі заявілі, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сочыць за лёсам расейскіх грамадзян, якія апынуліся пад судом ці сьледзтвам у Беларусі

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

На пытаньне журналістаў, ці турбуе прэзыдэнта РФ лёс расейцаў, якіх прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці ў Беларусі, прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў адказаў: «Судовы ці іншы перасьлед любога расейскага грамадзяніна за мяжой — гэта пытаньне, якое выклікае нашу занепакоенасьць».

«Лёсам любога расейскага грамадзяніна, які перасьледуецца за мяжой, займаецца расейскі бок праз нашыя замежныя прадстаўніцтвы. Усё, што можна, робіцца для абароны інтарэсаў нашых грамадзянаў», — адзначыў Пяскоў.

На дадатковае пытаньне, ці чуе беларускі бок пазыцыю Масквы, прадстаўнік Крамля адказаў: «Мы знаходзімся ў пастаянным дыялёгу. Ён мае рэгулярны і сталы характар».

Учора Менскі гарадзкі суд пачаў разглядаць крымінальную справу грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава, якога абвінавачваюць у распальваньні сацыяльнай варожасьці і закліках да дзеяньняў, накіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Таксама 20 сьнежня выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Соф’і Сапезе, грамадзянцы Расеі, якую ў траўні сёлета затрымалі разам з журналістам Раманам Пратасевічам падчас прымусовай пасадкі ў Менску самалёту кампаніі Ryanair.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG