Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: перастаў існаваць СССР


Падпісаньне Алма-Ацінскіх пагадненьняў
Падпісаньне Алма-Ацінскіх пагадненьняў

Падзеі 21 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Падзеі 21 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

21 сьнежня 1991 году кіраўнікі 11 былых савецкіх рэспублік у Алма-Аце прынялі Дэклярацыю аб утварэньні Садружнасьці незалежных дзяржаваў і канстатавалі спыненьне існаваньня СССР. Такім чынам падпісаныя раней Белавескія пагадненьні былі пацьверджаныя фактычна. Да Беларусі, Расеі ды Ўкраіны далучыліся іншыя былыя савецкія рэспублікі – з выняткам Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Таксама ў гэты дзень

1846 — шатляндзкі хірург Робэрт Лістан правёў першую ў Эўропе апэрацыю з анэстэзіяй.

1898 — П’ер і Мар’я Кюры адкрылі радыюм.

1913 — у нью-ёрскай газэце надрукавалі першую ў гісторыі крыжаванку.

1918 — са згоды Рады дзяржаўнай абароны Літвы быў утвораны 1-шы Гарадзенскі беларускі полк.

1958 — Шарля дэ Голя абралі прэзыдэнтам Францускай Рэспублікі.

2007 — да Шэнгенскага пагадненьня далучыліся 9 краінаў Эўразьвязу — Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Чэхія, Славаччына, Славенія, Вугоршчына і Мальта.

У гэты дзень нарадзіліся

1796 — Тамаш Зан, паэт, удзельнік вызвольнага руху, сябра Таварыства філяматаў.

Упершыню пазнаёміўшыся з гісторыяй таемных патрыятычных таварыстваў філяматаў і філярэтаў, я быў зьдзіўлены адноснай мяккасьцю пакараньняў, атрыманых іх удзельнікамі пасьля таго, як у 1823-м яны трапілі ў рукі паліцыі. Тых, хто выступаў ня толькі за паляпшэньне асьветы, але і за зьнішчэньне прыгону ды нацыянальную незалежнасьць народаў, у Расейскай імпэрыі павінны былі чакаць, прынамсі, турэмныя тэрміны.

Як выявілася, ратуючы сяброў, усю віну ўзяў на сябе выпускнік фізычна-матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, прэзыдэнт таварыства філярэтаў Тамаш Зан. Ён быў на год зьняволены ў цытадэлі, затым стаў палітвысланцам. Астатніх арыштаваных, у ліку якіх былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка, выслалі ўглыб Расеі.

Адбываючыф кару ў Арэнбургу, Тамаш, што меў відавочныя схільнасьці як да дакладных навук, так і да паэзіі, не зламаўся й не замкнуўся ў сабе.

На высылцы Зан дасьледаваў прыроду Ўралу, стварыў мінэралягічны музэй (што пазьней паспрыяла атрыманьню паса ды бібліятэкара ў пецярбурскім Горным iнстытуце). На ягоны лёс паўплывала сустрэча з славутым нямецкім вучоным Аляксандрам Гумбальтам. Той праводзіў на Ўрале навуковыя росшукі і быў вельмі ўражаны ведамі Зана.

Тамаш вёў дзёньнік, дзе выказваў намер пісаць у будучыні на мове свайго дзяцінства — беларускай. Трэба меркаваць, што гэтыя памкненьні не засталіся адно словамі, асабліва калі выгнанец вярнуўся ў 1841-м на радзіму і грунтоўна заняўся вывучэньнем беларускага фальклёру, якім проста прасякнутыя шмат якія ягоныя творы.

Літаратурная спадчына Зана, што дайшла да нашых дзён, — польскамоўная. Аднак у камэдыі «Грэцкія піражкі» дзеяньне адбываецца ў Менску, самі за сябе кажуць назовы баляды «Сьвіцязь-возера», вершаў «Мянчук», «Песьня з турмы ў Вільні»...

Тую турму, а дакладней, сяброў-арыштантаў, унеўміручыў у сваіх «Дзядах» Адам Міцкевіч. Адрозна ад многіх іншых, Зан названы там уласным імем. У вусны сябру Міцкевіч, падкрэсьліваючы Тамашову ахвярнасьць, уклаў наступныя словы:

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,

І абавязак мой — за вас прыняць пакуты.

Цяпер у колішніх віленскіх Базылянскіх мурах адноўленая адна з камэраў, дзе пакутавалі філяматы і філярэты: тапчагі з саломай заместа матрацу, грубая тонкая посьцілка, сьвечка і збан з вадой.

Зь вялікім зьдзіўленьнем я не знайшоў артыкулу пра Тамаша Зана ў шасьцітомавым энцыкляпэдычным біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменьнікі», які часам апавядае пра тых, хто не напісаў па-беларуску аніводнага радка й ніколі ня меў такіх намераў, ніколі не пакутаваў за нашую зямлю, затое — жывучы тут, ня мог ці не хацеў зьвязаць на яе мове й пары словаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды»

1879 — Іосіф Сталін, савецкі дыктатар.

1890 — Мікалай Аладаў, кампазытар, пэдагог, адзін з арганізатараў і першых выкладнікаў Беларускай кансэрваторыі і Беларускага музычнага тэхнікуму.

1934 — Іван Чыгрынаў, беларускі празаік, драматург, перакладнік, публіцыст. У 1994-м Чыгрынаў атрымаў званьне народнага пісьменьніка Беларусі.

1967 — Міхэіл Саакашвілі, прэзыдэнт Грузіі з 2004 па 2013 год.

У памяці

1375 — памёр Джавані Бакача, італьянскі пісьменьнік, аўтар «Дэкамэрону».

1940 — памёр Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, амэрыканскі пісьменьнік.

1981 — памёр Міхал Забэйда-Суміцкі, беларускі опэрны сьпявак, саліст La Scala, пэдагог.

Я быў занадта малы, каб трапіць на яго кароткія й адзіныя беларускія гастролі. Потым фігураваў у сьпісах невыязных, а таму мусіў задавальняцца выдадзенай у Польшчы кружэлкаю ягоных запісаў, якія адразу стваралі атмасфэру несавецкасьці.

Забэйду-Суміцкага праводзілі авацыямі Пазнанская й Праская опэры. Яго стоячы вітала патрабавальная публіка славутага мілянскага тэатру «Ля Скаля». Але сцэна, пра якую да апошняга дня ён марыў — менская опэрная, — так і засталася недасяжная.

На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагодзьдзя Міхал Забэйда-Суміцкі паступіў у Харбінскі расейскі ўнівэрсытэт і адначасна пачаў браць урокі сьпеваў і тэорыі музыкі. Назаўтра пасьля дэбютнага выкананьня ў тамтэйшай опэры арыі Ленскага ў «Яўгену Анегіну» ён прачнуўся знакамітым.

...Італійская прэса называла яго адным з бліскучых прадстаўнікоў эўрапейскай вакальнай школы. Замежныя імпрэсарыё раз-пораз высочвалі Забэйду ў кавярнях за келіхам к’янці. Сябрам і калегам у хвіліны шчырасьці Забэйда-Суміцкі прызнаваўся, што найперш хацеў бы сьпяваць на Радзіме і, каб пераканаць суразмоўцу, што загадкавая Беларусь — гэта ня фата-маргана, мог зацягнуць сваё ўлюбёнае — «Малады дубочак» або «Чаму ж мне ня пець».

Прайсьці па родных заходнебеларускіх сьцежках ён здолеў у сярэдзіне 1930-х, калі пачаў выконваць галоўныя тэнаровыя партыі ў Пазнанскай опэры, а потым стаў салістам Варшаўскага радыё. У тыя гады Міхалу ня раз спрабавалі ставіць умову, каб не прызнаваўся, што ён — беларус. На такія прапановы сьпявак заўсёды, нават калі гэта пагражала стратаю кантракту, адказваў: «Беларусам нарадзіўся, беларусам і памру».

Ад траўня 1940 году і да канца жыцьця родным горадам для яго воляю лёсу стала Прага, дзе Забэйда быў салістам Нацыянальнага тэатру. Ён сьпяваў на шаснаццаці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэкст.

Дадому вядомаму ўва ўсім сьвеце сьпеваку лёсіла прыехаць усяго раз — у 1963-м, на схіле хрушчоўскай адлігі. Ён выступаў у Менску і Горадні, але апекуны паклапаціліся, каб у касах практычна не было квіткоў.

Гісторык Міхась Чарняўскі згадвае, як коштам велізарных намаганьняў трапіў у канцэртную залю філярмоніі й убачыў, што палова месцаў пустыя, а на астатнія афіцэры паўзводна рассаджваюць салдатаў тэрміновай службы.

Свой багаты архіў разам зь бібліятэкаю маэстра пакінуў, паводле запавету, роднай Беларусі.

Ёсьць свая сымбалічнасьць у тым, што Забэйда спачывае на праскіх Альшанскіх могілках побач з прэзыдэнтамі БНР Пётрам Крачэўскім і Васілём Захаркам.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды»

Магіла Міхася Забэйды-Суміцкага ў Празе
Магіла Міхася Забэйды-Суміцкага ў Празе



1989 — памёр Сэм’юэл Бэкет, ірляндзкі пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў тэатру абсурду, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1969 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG