Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына папярэдзіла Расею аб «наступствах» для «Паўночнага патоку — 2»


Міністар эканомікі і абароны клімату Нямеччыны Робэрт Габэк
Міністар эканомікі і абароны клімату Нямеччыны Робэрт Габэк

Паводле новага міністра эканомікі Нямеччыны, любыя ваенныя дзеяньні Расеі супраць Украіны абернуцца вялікімі праблемамі для ўводу новага газаправоду ў эксплюатацыю.

Міністар эканомікі і абароны клімату Нямеччыны Робэрт Габэк папярэдзіў у інтэрвію, апублікаваным у суботу, аб «сур’ёзных наступствах» для расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2» у выпадку, калі Масква нападзе на Ўкраіну.

Трубаправод, які праходзіць па дне Балтыйскага мора, мае падвоіць аб’ём паставак таннага прыроднага газу з Расеі ў Нямеччыну, што, на думку лідэраў вядучых эканомік Эўрапейскага Зьвязу, неабходна для паступовай адмовы ў будучыні ад вугалю і атамнай энэргетыкі.

Аднак праект коштам 10 мільярдаў эўра (12 мільярдаў даляраў) на працягу многіх гадоў выклікаў рэзкую крытыку з боку саюзьнікаў Нямеччыны ў ЭЗ, такіх як Польшча і балтыйскія дзяржавы, а таксама ЗША.

Крытыкі кажуць, што праект узмоцніць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу, а Ўкраіна называе трубаправод «геапалітычнай зброяй».

«Любыя новыя ваенныя дзеяньні ня могуць застацца без сур’ёзных наступстваў», — сказаў міністар, які прадстаўляе ва ўрадзе партыю Зялёных, у інтэрвію Frankfurter Allgemeine Zeitung, маючы на ўвазе разьмяшчэньне расейскіх войскаў на мяжы з Украінай.

Ён папярэдзіў, што «нічога нельга выключаць», калі «адбудзецца новае парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці» Ўкраіны.

Новы ўрад Нямеччыны раней прыгразіў заблякаваць працу трубаправоду, калі Расея нападзе на Ўкраіну.

«У выпадку далейшай эскаляцыі сытуацыі, гэты газаправод нельга будзе ўводзіць у эксплюатацыю», — заявіла міністарка замежных справаў Аналена Бэрбок.

Габек сказаў: «З геапалітычнага пункту гледжаньня, трубаправод — памылка», дадаўшы: «Усе краіны [ЭЗ] выступалі супраць [будаўніцтва], акрамя Нямеччыны і Аўстрыі».

Ён дадаў: «Трубаправод, тым ня менш, пабудаваны. І пытаньне аб яго ўводзе ў эксплюатацыю застаецца адкрытым і павінна вырашацца ў адпаведнасьці з эўрапейскім і нямецкім заканадаўствам».

  • Улады Нямеччыны чакаюць, калі швэйцарская кампанія Nord Stream 2 AG, якая валодае «Паўночным патокам — 2», прадставіць дакумэнты для аднаўленьня працэсу сэртыфікацыі.
  • Затым трубаправод таксама мае быць ухвалены Эўрапейскай камісіяй, і гэты працэс наўрад ці будзе завершаны ў першай палове наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG