Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея афіцыйна спыніла ўдзел у Дамове аб адкрытым небе


Расея афіцыйна выйшла з групы краін — удзельніц Дамовы па адкрытым небе (ДАН), прыпыніўшы такім чынам ад 18 сьнежня выкананьне сваіх абавязаньняў у рамках пагадненьня.

Масква прыняла такое рашэньне пасьля выхаду з дамовы Вашынгтону ў лістападзе 2020 году. Адміністрацыя 45-га прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абвінаваціла Расею ў невыкананьні дамоўленасьцяў. Масква прэтэнзіі адпрэчыла, усклаўшы адказнасьць за развал пагадненьня на Злучаныя Штаты. У чэрвені таго самага году дакумэнт дэнансаваў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Дамова была падпісаная 24 сакавіка 1992 года ў Хэльсынкі 27 дзяржавамі — удзельніцамі аб’яднаньня, якое з 1994 году атрымала назву Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Пагадненьне дазваляла краінам-удзельніцам рабіць аблёты тэрыторыяў адна адной на падставе толькі кароткатэрміновага апавяшчэньня для кантролю вайсковай дзейнасьці.

Як адзначае РБК, незадаволенасьць ЗША выклікалі абмежаваньні на палёты над Чачнёй, а таксама абмежаваньні на палёты ў раёне Калінінграду. Масква абвінавачаньні адмаўляла і выстаўляла Вашынгтону сустрэчныя прэтэнзіі, якія тычыліся ў тым ліку палётаў над Гавайскімі астравамі.

Былы дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа сьцьвярджаў, што Расея выкарыстоўвае дадзеныя, атрыманыя ў рамках Дамовы аб адкрытым небе, для навядзеньня сваіх узбраеньняў на аб’екты інфраструктуры ЗША і эўрапейскіх удзельнікаў NATO. У Крамлі гэта таксама абвяргалі.

Дамова аб адкрытым небе стала другім пагадненьнем у вайсковай сфэры з удзелам Расеі, якое пакінулі ЗША. У 2019 годзе Вашынгтон выйшаў з Дамовы аб ракетах сярэдняга і меншага дасягу, сьцьвярджаючы, што Масква працягвае распрацоўваць забароненыя ўзбраеньні. Расея адпрэчыла абвінавачаньні, але таксама абвясьціла аб выхадзе з дамовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG