У канцы верасьня Натальлю Хершэ перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве. «Наша Ніва» даведалася пра ўмовы там, ейнае здароўе і тое, як жанчына перажыла асабістую драму.
«Ня буду больш нічога купляць зь ежы, бо гэта бессэнсоўна»
Натальля сядзіць адна ў шасьцімеснай камэры. Кожны дзень можа выходзіць на гадзінны шпацыр у дворык і рабіць фізычныя практыкаваньні. Зь яе словаў, стаўленьне адміністрацыі да яе тут лепшае, чым у гомельскай калёніі.
Раней Натальля распавядала, што ў яе моцна выпадаюць валасы. Цяпер сытуацыя не такая крытычная.
«Ёй правялі дасканалае мэдыцынскае абсьледаваньне, цэлы дзень вазілі па вузкіх спэцыялістах. І прызначылі гарманальныя лекі, замяшчальную тэрапію, якая ёй неабходная», — кажа брат Генадзь.
Апошні раз сястра тэлефанавала яму 30 лістапада. Усе спатканьні зь ёй забаранілі да траўня. Бандэролі забаранілі да чэрвеня.
«Гэта той шлейф пакараньняў, які цягнецца з гомельскай калёніі, — тлумачыць ён. — Мне вярнулася 22-кілаграмовая пасылка з рэчамі — яе не прынялі. Даслалі пісьмовы адказ, што наступную можна адправіць не раней за канец траўня».
Атаварвацца ў турэмнай краме Натальля можа толькі на 29 рублёў у месяц (адну базавую велічыню).
«Яна неяк купіла сыру, марской капусты. Каб яны не сапсаваліся, у торбачцы вывесіла іх за акенца. Прыйшлі супрацоўнікі, сказалі, што так трымаць прадукты забаронена, і давялося выкінуць іх. Кажа: «Ня буду больш нічога купляць з ежы, бо гэта бессэнсоўна, няма ўмоў для захоўваньня».
Гэтыя дробязі, якія ня робяць яе знаходжаньне там камфортным, канечне, крыху псуюць настрой. Але яна не губляе аптымізму і сілы духу. Піша: «Усё гэта нічога, галоўнае — выстаяць, дачакацца».
«У мяне ўжо гэта адбалела»
Муж Натальлі Робэрт, які жыве ў Швайцарыі, напісаў ёй, што хоча расстацца зь ёй.
«Нядаўна мне прысьніўся сон, зьвязаны з Робэртам. Калі я прачнулася, прааналізавала яго, мне стала раптам усё ясна: часам у Бога падрыхтаваны для цябе зусім іншы сцэнар, і ты павінен праявіць мудрасьць і зьмірэньне, прыняць яго без душэўных перажываньняў.
Ён можа моцна адрозьнівацца ад тваіх уяўленьняў і жаданьняў, але ён і ёсьць слушны для цябе. Безумоўна, нейкі час усё ж неабходны, каб гэта заключэньне ўкаранілася ў тваёй сьвядомасьці», — пісала яна ў лісьце брату.
Са словаў Натальлі, яна пакутавала ад разрыву з мужам цягам месяца.
«А потым прыйшла да высновы, што ўсё, што робіцца, так і патрэбна. „Я павінна ўзяць гэты жыцьцёвы ўрок і ісьці далей“», — пераказвае словы сястры Генадзь.
Муж спрабаваў зьвязацца з Натальляй празь некалькі тыдняў, пераасэнсаваў свой учынак і сумаваў па жонцы, даслаў ёй два лісты. Прасіў, каб яна даравала яму, бо ён ня можа безь яе.
«Натальля ў тэлефоннай размове са мной была катэгарычная: „Гена, у мяне ўжо гэта адбалела“. Я ведаю ейны характар — жорсткі, просталінейны. Але я б хацеў, каб яна ўсё ж даравала. Бо ў першы год, самы цяжкі, Робэрт шмат для яе зрабіў. І ўсё ж прыйшоў да высновы, што па-ранейшаму яе кахае», — кажа брат Натальлі Хершэ.