Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба рабіць сваімі сіламі, а не спадзявацца на палітыкаў». Стваральнікі фільму «Шлях на Славалачу» пра сваю музычную краіну


Беларусы, амэрыканцы і ўкраінцы разам стварылі сумесны музычны праект і нават зьнялі дакумэнтальны фільм. Мы паразмаўлялі з рэжысэрам і прадусаркай пра тое, як прыйшла ідэя, зь якімі цяжкасьцямі давялося сутыкнуцца падчас здымкаў і чаму гэты фільм важны.

«Культура — асноўны рэсурс зьменаў у грамадзтве»

Праца над фільмам пачалася ў 2019 годзе, калі рэжысэр Варфаламей Курага і прадусарка Надзея Ількевіч жылі ў штаце Агаё, які славіцца сваёй традыцыйнай культурай.

«Там вельмі шмат фолк-музыкаў, яны сьпяваюць песьні першых пасяленцаў, якія працавалі на фэрмах, у шахтах. Мы пазнаёміліся са слаўным гуртом Hill Spirits, і тады наш файны беларускі музыка Сяржук Доўгушаў жыў таксама ў Штатах. Ён да нас прыехаў, мы правялі канцэрт, і нягледзячы на тое, што людзі ня ведалі ні расейскай, ні беларускай, яны пад канец сталі падпяваць. Было ўсё выдатна — танцы, скокі, карагоды. Пасьля ўсе музыкі з канцэрту прыйшлі ў домік, які мы наймалі, сабралася чалавек 14. І ўся гэтая тусоўка „джэміла“ на працягу 8 гадзін безь перапынкаў», — кажа рэжысэр Варфаламей Курага.

Варфаламей Курага
Варфаламей Курага

Пасярод «джэму» хтосьці з музыкаў сказаў пацешнае слова «Славалача» — як бы спалучэньне славянскіх і апалачанскіх традыцыйных культур, расказвае рэжысэр.

«У той момант было адчуваньне, што паветра наэлектрызаванае. Я зразумеў, што ў гэтым ёсьць нешта ўнікальнае і вельмі цікавае. І мы з Надзеяй сабраліся і пачалі думаць, як разьвіць гэтую гісторыю. Потым падключылі да праекту ўкраінскі калектыў Torban. Усе экспэрымэнты з абменам песьнямі прывялі да ўпэўненасьці, што трэба рабіць».


«Мы хацелі паказаць усе тры культуры глыбей: беларускую, украінскую і амэрыканскую. З дапамогай праекту мы хацелі расказаць, што сяброўства можа быць і на адлегласьці, незнаёмцы могуць стаць сям’ёй, падтрымліваць адзін аднаго ў розных сытуацыях, што музыка — гэта мова, якую можа разумець хто заўгодна. Важна не забываць пра свае традыцыі, карані і захоўваць нашу культуру ў розных формах з дапамогай экспэрымэнтаў, калябарацыйных праектаў. Для мяне гэта важна, таму што я ўсё жыцьцё працую ў культуры, і гэта асноўны рэсурс зьменаў у грамадзтве, як паказчык узроўню душэўнасьці», — кажа адна з заснавальніц «Slavalachia», прадусарка Надзея Ількевіч.

На пачатку 2020 году зьявілася магчымасьць прывезьці частку амэрыканскіх музыкаў у Беларусь і арганізаваць тур, потым каманда паехала ва Ўкраіну.

«Пасьля гэтага грандыёзнага туру мы пабылі ў Менску, а таксама ў закінутай вёсцы Стойлы каля Белавескай пушчы. Там жывуць толькі два чалавекі, у якіх арт-рэзыдэнцыя. Мэта гэтых жыхароў — у захаваньні беларускай культуры».

Напярэдадні выбараў гурт выпусьціў кліп на песьню Which Side Are You On, якая была створаная падчас паўстаньня прафсаюзаў у штаце Кентукі ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Музыкі засьпявалі яе на трох мовах — беларускай, ангельскай і ўкраінскай.

«Гэта кліп у падтрымку беларускага народу зь вельмі выразным паведамленьнем: маўляў, хлопцы, выбірайце правільны бок, — кажа рэжысэр. — І самае дзіўнае, што тады ўсе нашы ўдзельнікі Slavalachia знаходзіліся ў розных краінах, але запісалі патрэбныя кавалкі матэрыялу, зьнялі відэа ў розных геаграфічных пунктах. І ў Штатах я сабраў усё гэта разам. Потым твор увайшоў у плэйліст „Песьні свабоды беларускай рэвалюцыі“».


«Хтосьці заводзіў слаўную мэлёдыю, іншыя падхоплівалі, і далей ужо працэсам кіравалі эмоцыі»


Усе прыгоды, што адбываліся са Slavalachia, запісвалі на відэа.

«Спачатку мы проста на ўсялякі выпадак здымалі ўвесь працэс. І відаць, як паляпшалася якасьць вытворчасьці: спачатку здымкі на мабільны тэлефон, а потым ужо сурʼёзна заняліся пытаньнем і пачалі здымаць на прафэсійнае абсталяваньне. Мы здымалі 2 гады, зараз у нас матэрыялу ня проста на дакумэнтальны фільм, а на цэлы сэрыял. І, шчыра кажучы, думаю, што з пункту гледжаньня тэхналягічнага працэсу будзе прасьцей разьбіць матэрыял на сэрыі, а потым зрабіць сканцэнтраваную моцную дакумэнталку», — кажа Варфаламей Курага.

Фільм зроблены ў жанры «роўд муві».

«Slavalachia — гэта быццам тэрыторыя, дзе мы зьбіраемся. І фільм так і называецца „Дарога на Славалачу“, у тое месца, якога не існуе на ніводнай мапе, а толькі ў нашай сумеснай сьвядомасьці. І ўвесь гэты фільм музыкі падарожнічаюць менавіта туды», — кажа Надзея Ількевіч.

Складанасьцяў таксама было шмат, пачынаючы ад пошуку фінансаваньня і канчаючы моўным бар’ерам.

«Самая вялікая — у тым, каб сабраць усіх музыкаў разам і неяк запусьціць рэальны працэс узаемадзеяньня розных культур, знайсьці пляцоўку, даць магчымасьць музыкам пазнаёміцца і пачаць нешта ствараць. Быў моўны барʼер, які часам выклікаў дробныя цяжкасьці. Але ўжо ня раз даказана, што музыка — гэта голас сусьвету, якія разумеюць усе. Толькі хтосьці заводзіў слаўную мэлёдыю, іншыя падхоплівалі, і далей ужо працэсам кіравалі эмоцыі».

«Калі мы абʼядноўваемся, то разам мы можам дасягнуць нашмат большага»

Плянаў у каманды на 2020 год было вельмі шмат, але для ўсяго сьвету ён стаў шокавы праз каранавірус, а да таго ж адбыліся падзеі ў Беларусі, кажа рэжысэр.

«Да 9 жніўня мы знаходзіліся ў Штатах і пастаянна сачылі за навінамі. Як многія, я не лічыў сябе да 2020 году нейкім моцна палітызаваным чалавекам, але мой вельмі добры сябра сказаў: „Не цікавіцца палітыкай ва ўласнай краіне — як не хадзіць да лекара“. І цяпер я выразна зразумеў, пра што ён казаў. Праца над гэтым фільмам і ўнутраная прапампоўка ў пляне палітычнай граматнасьці супалі. Вось гэты год для мяне стаў палітычным сталеньнем, усе хлопцы вырашылі не заставацца ўбаку, падтрымаць беларусаў і пратэст».

Варфаламей заўважае, што праз усе падзеі адкрыў для сябе сілу салідарнасьці і падтрымкі.

«Я вельмі выразна ўсьвядоміў, што я быў сьляпы. Назіраючы за сусьветнымі падзеямі, я заўважыў, што ледзь ня кожны тыдзень дзесьці ўспыхвае палітычны крызіс. Я зрабіў выснову, што палітыкі вельмі слаба дапамагаюць народам абʼядноўвацца, яны нават не спрыяюць гэтаму ніякім чынам».

Важнасьць такіх праектаў, як Slavalachia, — абʼядноўваць культуру і ствараць масты праз акіяны, кажа рэжысэр.

«Гэта проста такі грандыёзны поціск рукі. Калі я ехаў у Амэрыку першы раз, было адчуваньне, што я еду на іншую плянэту. Але аказалася, што гэта такія ж людзі, з такімі ж праблемамі. І, нягледзячы на рознасьць мэнталітэтаў, у нас вельмі шмат агульнага. І гэтыя адкрыцьці — часткі гэтага глыбіннага пасланьня, якое я спрабую перадаць праз гэты фільм. Важнасьць у тым, што неабходна зараз перастаць разьлічваць на нашых палітыкаў і пачаць выбудоўваць гарызантальныя сувязі на ўзроўні звычайных людзей».

Варфаламей вельмі ўражаны тым, як палітыкі разьядноўваюць грамадзтва, і заўважае, што, па нядаўніх апытаньнях, больш за 50% украінцаў лічаць Беларусь варожай краінай.

«Ня трэба спадзявацца на палітыкаў. Калі ты хочаш зрабіць нешта добрае ў сьвеце, трэба рабіць гэта сваімі сіламі. Гэты фільм — прыклад таго, як можна арганізоўваць і рабіць нейкія простыя і добрыя рэчы. Відавочная ісьціна: калі мы абʼядноўваемся, то разам мы можам дасягнуць нашмат большага, вырашыць нашмат больш праблем».

«Гэты фільм дазваляе на 90 хвілін адключыцца ад вайны, страхаў і проста атрымаць асалоду ад музыкі і пагрузіцца ў працэс яе стварэньня, — кажа Надзея. — Мы адхінаем заслону таго, як гэта адбываецца. Мы паказваем, што ёсьць звычайныя людзі, музыкі, у якіх ёсьць свае асаблівасьці, характары, свае жарты, культурныя традыцыі. Мы паказваем гэты сьвет і хочам натхніць людзей быць больш добрымі, адкрытымі адзін аднаму і больш шанаваць сяброўства. Мы хочам, каб дзякуючы гэтаму фільму людзі разумелі, што магчыма мець такую другую сямʼю на адлегласьці, якая будзе падтрымліваць заўсёды».

Як дапамагчы камандзе Slavalachia

Усё каманда рабіла са сваёй ініцыятывы і за ўласныя сродкі. Удалося сабраць праз краўдфандынг грошы на музычны альбом, зь якім удзельнікі Slavalachia выступілі на адным з самых вялікіх фэстываляў Заходняй Украіны Zaxidfest. Цяпер каманда шукае сродкі на постпрадакшн.

«Гэта музычны фільм, і патрэбная сурʼёзная праца з гукам. І, вядома, мы яшчэ шукаем прадусараў, якія дапамогуць нам прасунуць гэты фільм на фэстывалі. Таму, калі хтосьці зацікаўлены ў дыстрыбуцыі, для нас гэта будзе паратункам», — кажа Надзея Ількевіч.

Дапамагчы камандзе фільму «Шлях на Славалачу» можна тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG