Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайшлі ў вязьня томік Канта і кінулі ў печку». Маці палітвязьня Сяргея Спарыша расказала пра першыя чатыры месяцы сына ў калёніі


Сяргей Спарыш у судзе
Сяргей Спарыш у судзе

Паплечнік Мікалая Статкевіча па «Народнай грамадзе» Сяргей Спарыш з канца жніўня адбывае пакараньне ў калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Сяргей Спарыш асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня, за кратамі яму яшчэ давядзецца адбыць больш за 4 гады.

Жанна Чыстая, маці палітвязьня, тлумачыць, чаму атрымалася меней за 6 гадоў.

«На ягонай бірцы напісана, што выхад на волю ў яго 09.07.2026. Гэта яшчэ праз 4 гады і амаль 7 месяцаў, а затрымалі яго ў чэрвені 2020-га. Атрымліваецца агулам меней за 6 гадоў, бо кожны дзень у сьледчым ізалятары залічылі за паўтара дня».

9 сьнежня маці Сяргея Спарыша езьдзіла ў калёнію на першае доўгатэрміновае спатканьне з сынам.

«Значна схуднеў, гэта заўважна, але па-ранейшаму такі ж жвавы і аптымістычны, усіх нас, хто на волі, падтрымлівае. Калі ўсьміхаецца, заўважыла, што ў роце паменела зубоў — то бок як выйдзе, давядзецца зьвярнуцца да стаматоляга. Але сам на стан здароўя ня скардзіцца. Наракае толькі на тое, што ня можа дастаць тых кніг, якімі цікавіцца. Але працягвае шмат чытаць і нешта піша. Ня ведаю дакладна, хутчэй за ўсё, піша нейкую філязофскую працу», — расказала Жанна Чыстая.

Сяргей Спарыш скончыў Горадзенскі музычны каледж па спэцыяльнасьці «музыказнаўца», вучыўся ў Акадэміі музыкі на кампазытара, пісаў, паводле пэдагогаў, таленавітыя музычныя творы, але сышоў з акадэміі і ў апошнія гады працаваў на МЗКЦ зваршчыкам. У гэты час Сяргей уцягнуўся ў палітычную барацьбу, стаў намесьнікам старшыні незарэгістраванай апазыцыйнай партыі «Народная грамада». Шмат гадоў Сяргей захапляецца філязофіяй і нават у зьняволеньні працягвае вывучаць гэтую навуку. Але ў турэмнай бібліятэцы філязофскіх кніг фактычна няма, і палітвязень залежыць ад таго, ці перададуць яму гэтыя кнігі з волі.

«Ён даслаў нам велізарны сьпіс кніг па філязофіі, якія хацеў бы атрымаць, але перадаць большасьць зь іх немагчыма. Гэтыя кнігі чакаюць яго дома. Змаглі перадаць усяго некалькі кніг, і ўсё спынілася. Там з гэтым складана. На спатканьні Сяргей расказваў, як забралі томік нямецкага філёзафа Канта і спалілі ў топцы. Дык што пасьля гэтага казаць? Там шмат чаго адбываецца такога, пра што я і расказаць не магу. Але ён трымаецца і ня падае духам», — расказала маці палітвязьня.

Ліст палітвязьня Сяргея Спарыша
Ліст палітвязьня Сяргея Спарыша

«Тым, хто працуе, выдаюць масла»

Паводле Жанны Чыстай, у калёніі яе сын пачаў вучыцца на майстра дрэваапрацоўкі. Маці ведае, што вучоба працягнецца да сярэдзіны будучага году, пасьля гэтага Сяргей зможа працаваць на вытворчасьці, якая ёсьць у калёніі. Яшчэ ёй вядома, што той, хто працуе, мае невялікія плюсы.

«Расказваў з жартам, што тым, хто працуе, даюць масла і ўвогуле харчаваньне крыху лепшае. А яшчэ там масла можна выменяць на цыгарэты. Таму ён, хоць сам ня курыць, просіць перадаваць яму цыгарэты, „Winston“ менавіта. Гэта для іх як валюта», — мяркуе Жанна Чыстая пра парадкі ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі.

У траўні Сяргея Спарыша судзілі ў Менскім абласным судзе разам з блогерамі тэлеграм-каналу «Армія з народам». Суд прызнаў Спарыша вінаватым у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў стварэньні перашкод Цэнтравыбаркаму. Як і іншыя палітвязьні, яшчэ ў Менскім СІЗА на Валадарскага Сяргей Спарыш быў прызнаны схільным да экстрэмізму, і таму цяпер у калёніі на ягонай вопратцы — адмысловая пазнака.

«У яго на грудзях такі жоўты трохкутнік. Бачыла такія ж трохкутнікі ў хлопцаў, якія, як і мы, жылі ў пакоях для спатканьняў са сваякамі. Добрыя, спакойныя хлопцы. Такія ж палітвязьні, як Сяргей. Канечне, былі там і вязьні крымінальнага выгляду, яшчэ ёсьць былыя наркаманы. Там розныя людзі», — расказвае пра наведваньне калёніі «Воўчыя норы» Жанна Чыстая. Паводле жанчыны, як схільны да экстрэмізму яе сын мусіць на кожнай пераклічцы называць артыкулы, па якіх ён асуджаны, таксама да яго асаблівая ўвага ў казарме і на тэрыторыі.

Ліст палітвязьня Сяргея Спарыша
Ліст палітвязьня Сяргея Спарыша

«Ужо атрымаў адно спагнаньне за тое, што нібыта не заўважыў і не павітаў супрацоўніка адміністрацыі. На першы раз толькі пісьмовая заўвага, але калі будзе больш спагнаньняў, дык могуць і ў карцар пасадзіць ці пазбавіць пасылкі альбо спатканьня. Але ёсьць і моманты, якія радуюць. Нядаўна дазволілі тэлефанаваньні, наступнае атрымае ў 20-х чыслах сьнежня. Ужо чакаю званку», — расказала Жанна Чыстая.

Маці Сяргея Спарыша ня ведае, ці дайшлі ўжо да сына зьвесткі пра тое, што ягоны паплечнік Мікалай Статкевіч асуджаны на 14 год зьняволеньня ва ўмовах асаблівага рэжыму. Але яна мяркуе, што і да калёній такія навіны даходзяць хутка, і неўзабаве яе сын уведае пра прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага».

«Але Сяргей ня думае, што палітвязьні будуць у зьняволеньні тыя тэрміны, якія ім далі суды. Гэтак ён думае ня толькі пра сябе», — кажа маці Сяргея Спарыша.

Ліст палітвязьня,Сяргея Спарыша
Ліст палітвязьня,Сяргея Спарыша

Сяргею Спарышу 36 гадоў. Ён добра ведае ангельскую і польскую мовы, вывучае гішпанскую і нямецкую. Калі Сяргей Спарыш сядзеў у «Валадарцы», ён на нямецкай мове напісаў верш, прысьвечаны ўсім, каго перасьледуюць. (Пераклад на расейскую мову — Сяргеевай жонкі Вікторыі Спарыш):

Geschwister
Ein Blut,
Ein Seele
Ein Geist.
Wir sind Bruder und Schwester
für dieser Tag und für die Ewigkeit.
Wir sind Bruder und Schwester
für dieser Welt und für alle anderen,
ob sie existieren,
oder nicht.
Ein Blut,
Ein Seele,
Ein Geist,
Ein Glut,
Ein Ehre
und einzige treue reine Mut.

Братья и сёстры
Одна кровь,
Одна душа,
Один разум.
Мы братья и сёстры
В этот день и навечно,
Для этого мира и для всех остальных,
Существуют они или нет.
Одна кровь,
Одна душа,
Один разум,
Одно пламя и честь.
И только настоящее, чистое мужество.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG