Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК пра відэа, на якім абмяркоўваецца хабар для яго: «Гэтым займаецца Сьледчы камітэт»


Штаб-кватэра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ў Менску

Альянс расьсьледавальнікаў Беларусі (АРБ) сумесна з групай «Кібэрпартызаны» і Беларускім фондам спартовай салідарнасьці ўзьнялі тэму карупцыі ў сфэры будаўніцтва і магчымай датычнасьці да незаконных схемаў функцыянэраў Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Галоўны фігурант гісторыі — Аляксандар Косач, суўладальнік канцэртнага агенцтва, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча. Цяпер над прадпрымальнікам ідзе працэс у судзе Маскоўскага раёну Менска за махлярства, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і падбухторваньне да хабару.

Альянс апублікаваў фрагмэнт апэратыўнай здымкі, на якім архітэктар Аляксандар Галерка, партнэр Аляксандра Касача, апісвае дырэктару ТАА «Сталіцабудінвэст» Юрыю Жукоўскаму карупцыйную схему, з дапамогай якой той можа атрымаць пад забудову зямлю побач з Камароўскім рынкам. Дзеля гэтага неабходна аформіць дамову на спонсарскую дапамогу НАК Беларусі ў памеры 600 тысяч даляраў. Плюс, асобна за «вельмі сур’ёзную падтрымку» — 25 тысяч даляраў першаму віцэ-прэзыдэнту арганізацыі Дзьмітрыю Даўгалёнку. Маўляў, алімпійскі чэмпіён у веславаньні блізка стасуецца зь Віктарам Лукашэнкам і той гатовы пайсьці насустрач падначаленаму.

Сёлета партнэраў затрымалі, Аляксандар Галерка памёр у СІЗА пры нявысьветленых абставінах — нібыта ад каранавірусу.

«Я не зьбіраюся ў нейкіх відэа разьбірацца, у нейкіх незразумелых сытуацыях. Калі б маё прозьвішча дзесьці прагучала, а так... Наогул гэтым пытаньнем займаецца Сьледчы камітэт, усё да іх...», — так адрэагаваў Дзьмітры Даўгалёнак на пытаньне Альянсу расьсьледавальнікаў Беларусі.

Сёлета ў лютым Аляксандар Лукашэнка пасьля амаль чвэрці стагодзьдзя на чале НАК Беларусі перадаў кіраўніцтва свайму старэйшаму сыну Віктару. Абодва яны непрызнаныя Міжнародным алімпійскім камітэтам і фактычны фігуры нон-грата на буйных сусьветных спаборніцтвах.

Першым віцэ-прэзыдэнтам у Віктара Лукашэнкі стаў менавіта Дзьмітры Даўгалёнак — падпісант ліста спартоўцаў у падтрымку рэжыму. Ён не патрапіў пад санкцыі і ўзначальваў беларускую дэлегацыю на Алімпіядзе-2020 у Токіё. Пры ім там здарыліся гучныя скандалы з цкаваньнем лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай, а таксама зь нядопускам шэрагу спартоўцаў да стартаў праз пратэрмінаваньне допінгавых праверак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG