Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр, які перажыў кому пасьля пабіцьця год таму, памёр, падавіўшыся ежай. «Хуткая» не ўратавала


Антон Качанаў
Антон Качанаў

Трэнэра культурызму Антона Качанава ў сьнежні мінулага году пабілі з палітычных прычын.

Пасьля канфлікту, які адбыўся ў краме, Антон Качанаў прабыў 2 тыдні ў коме. Пра ягоную сьмерць паведаміў сузаснавальнік фондаў BySol і BY_help Андрэй Стрыжак.

Разьвітацца з Антонам можна будзе 16 сьнежня аб 11-й гадзіне ў Менску па адрасе: вуліца Катоўскага, 56. Апоўдні картэж паедзе ў ягоны родны горад Баранавічы, дзе нябожчыка пахаваюць на могілках Русіна а 14-й гадзіне.

Стала вядомая прычына сьмерці мужчыны — ён падавіўся ежай. Праблемы з глытаньнем былі адным з наступстваў ягонай траўмы. У гэты раз да Антона прыехала «хуткая», аднак мэдыкі ня здолелі зрабіць трахеастамію, каб дапамагчы яму дыхаць.

Інцыдэнт здарыўся ў ноч на 19 сьнежня. У краме адбылася спрэчка зь невядомым мужчынам, які ўдарыў Антона на выхадзе. Траўматычнае падзеньне і ўдар галавой прывялі да комы, пісала раней «Наша ніва».

«Ні я, ні маці Антона два дні ня ведалі пра тое, што адбылося. У БХМД ён два дні ляжаў як „невядомы“. Маці Антона была ў сьледчай, і там прагучала слова „патрыёт“ у дачыненьні да злачынцы. Я баюся памыліцца, але па гэтым слове можна дапусьціць, што канфлікт мог адбыцца з палітычных прычын», — расказала тады нявеста Антона Сьвятлана.

Паводле Андрэя Стрыжака, апанэнта Антона Качанава пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі».

Як гавораць родныя Качанава, пасьля канфлікту ў краме і 2 тыдняў комы Антон праходзіў працяглы пэрыяд рэабілітацыі.

Качанаў быў майстрам спорту ў паўэрліфтынгу. Ён трэнаваў прафэсійных бікіністак, ягоныя падапечныя станавіліся чэмпіёнамі Беларусі.

«Сёньня на маю фігуру жанчыны часта заглядаюцца. Першы час мяне гэта цешыла. Але зараз мне значна прыемней, калі мужыкі ацэньваюць мае вынікі. Або калі сын паказвае ў садку фігурку чалавека-павука, тыкае пальчыкам у напампаваны прэс і кажа: „А ў майго таты такі ж!“ Вярнуцца назад да „супавога набору“? Не, нізавошта!» — казаў у 2015 годзе выданьню Intex-press Антон Качанаў.

У Instagram-акаўнце Антона на 15 сьнежня амаль 50 тысяч падпісчыкаў.

За апошні год зьявіліся толькі два новыя допісы, датычныя ягонай траўмы, якія, імаверна, пісалі ягоныя блізкія.

Паводле інфармацыі, апублікаванай на ягонай старонцы, пасьля зьбіцьця ў Антона выявілі адкрытую цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, удар галаўнога мозга, кровазьліцьцё ў мозг, шэраг іншых траўмаў галавы, двухбаковую пнэўманію. Пасьля ён цяжка перахварэў на каранавірус, ляжаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Пасьля выхаду з комы Антон нанава вучыўся размаўляць, хадзіць. Зь ім працавалі рэабілітолягі, лягапэд, нэўроляг. Мужчыну былі патрэбныя дарагія мэдычныя прэпараты. Гэта вымагала 1,5–2 тысячы даляраў у месяц. Антон праходзіў рэабілітацыю ў замежным рэабілітацыйным цэнтры.

На сваёй старонцы Антон публікаваў фота з акцый пратэсту, адкрыта выказваўся наконт палітычнай сытуацыі ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG