Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валодзю было камфортна ў Беларусі». Пайшоў з жыцьця карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімер Пац


Уладзімер Пац, фота Польскага радыё

У Менску памёр шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі і Расеі Ўладзімер Пац. На Польскім радыё ён пачаў працаваць у пачатку 1990-х гадоў.

«Ён — польскі голас зь Беларусі»

Ён памёр раптоўна ў менскай кватэры, меў праблемы зь ціскам. Яго пахаваюць побач з магіламі бацькі і маці на Падляшшы.

Уладзімер Пац каля 30 гадоў расказваў пра падзеі ў Беларусі польскай аўдыторыі.

«Ён — польскі голас зь Беларусі. Ён вэтэран Польскага радыё, вельмі шанаваны калегамі ў Варшаве і Менску», — кажа пра Ўладзімера Паца блізкі сябар.

Журналіст асьвятляў усе падзеі ў краіне ад першых выбараў прэзыдэнта 1994 году да пратэстаў 2020-га. Шмат пісаў пра адносіны дзьвюх краін, перасьлед лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі. Некалькі год працаваў карэспандэнтам Польскага радыё ў Маскве, асьвятляў Смаленскую катастрофу, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі.

«Валодзю было камфортна ў Беларусі, дзе ён меў безьліч сяброў. Сам ён — этнічны беларус з Падляшша, выдатна валодаў беларускай мовай, пытаньні беларускім чыноўнікам задаваў па-беларуску, чым часам ставіў іх у няёмкае становішча», — расказвае пра Ўладзімера сябар.

Хацеў напісаць кнігу пра Беларусь

Уладзімер Пац ажаніўся з жанчынай зь Беларусі Тацянай. Меў зь ёю дачку і сына. Вянчаўся з жонкай у Калоскай царкве ў Горадні. Іхнае вясельле ў Менску сабрала шмат сяброў і калег.

«Ён быў вельмі прыязны, гасьцінны, дружалюбны чалавек», — кажа пра яго суразмоўца.

Сёлета ў лістападзе Пац атрымаў яшчэ на год акрэдытацыю МЗС Беларусі і візу. Укладаў працоўныя пляны і хацеў напісаць кнігу пра Беларусь.

Ён падтрымліваў кантакты зь беларускай апазыцыяй і палякамі ў Беларусі. Паведамляў пра ўрачыстасьці ў падтрымку польскасьці і сьвяткаваньнях памяці палякаў і беларусаў, якіх перасьледаваў камуністычны рэжым, піша Польскае радыё.

«Аддана выконваў місію журналіста і карэспандэнта», — напісалі калегі Ўладзімера Паца па Польскім радыё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG