Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы камандзір «Алмазу» стаў намесьнікам дырэктара па бясьпецы ў «Стайках»

Момант пасьля сьмяротнага стрэлу байца «Алмазу» ў Аляксандра Тарайкоўскага. Менск, жнівень 2020 г.
Момант пасьля сьмяротнага стрэлу байца «Алмазу» ў Аляксандра Тарайкоўскага. Менск, жнівень 2020 г.

Палкоўнік Віктар Зураеў пакінуў пасаду камандзіра спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» і заняў пасаду намесьніка дырэктара ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».

Пра гэта стала вядома спартоваму сайту «Трыбуна».

«Трыбуна» мяркуе, што галоўным ягоным абавязкам на новым месцы стане праверка работнікаў цэнтру на добранадзейнасьць. Іншымі словамі, вывучэньне лайкаў і пастоў у сацсетках, подпісаў за вылучэнцаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі-2020 і г.д.

Згодна зь незалежнымі расьсьледаваньнямі, менавіта баец «Алмазу», якім тады кіраваў Віктар Зураеў, зрабіў сьмяротны стрэл у менчука Аляксандра Тарайкоўскага падчас разгону акцыі пратэсту ля станцыі мэтро «Пушкінская» летась 10 жніўня.

У тым жа месяцы Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Віктара Зураева мэдалём «За бездакорную службу».

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

XS
SM
MD
LG