Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе за «акт тэрарызму» супраць удзельнікаў аўтапрабегу за Лукашэнку фігуруюць больш за 70 пацярпелых


На праўладным аўтапрабегу, архіўнае фота
На праўладным аўтапрабегу, архіўнае фота

У судзе Полацкага раёну разглядаецца крымінальная справа Руслана Слуцкага, якога вінавацяць «у замаху на прывядзеньне ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама ў «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК).

Справу разглядае судзьдзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядальнікі, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымлівае Тацяна Шабека, паведамляе «Вясна».

На лаве падсудных — 38-гадовы жыхар Наваполацку, рамесьнік Руслан Слуцкі. Яго затрымалі 20 студзеня, ад таго часу ён пад вартай.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, летась у кастрычніку абвінавачаны, «паддаўшыся ўплыву розных крыніц інфармацыі да заклікаў аб масавых дэструктыўных узьдзеяньнях на аб’екты інфраструктуры Беларускай чыгункі» наўмысна зьдзейсьніў злачынства супраць бясьпекі эксплюатацыі транспарту.

Акрамя таго ў лістападзе мінулага году на 122-м кілямэтры аўтадарогі Р-20 Віцебск — Полацак раскідаў ня менш за 12 самаробных «вожыкаў» і мэталічных шыпоў, ведаючы пра рух аўтамабіляў з аўтапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі.

Паводле абвінавачваньня, мужчына нанёс шкоду ня менш як чатыром машынам на суму 63 рублі 51 капейка. Агулам пацярпелымі прызнаны больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў прабегу.

У першы дзень судовага разгляду апыталі 12 пацярпелых, ніводзін не заявіў патрабаваньняў аб спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды. На пытаньне прадстаўніка дзяржабвінавачаньня пра мэты аўтапрабегу адзін з пацярпелых растлумачыў: «Быў час выказаць грамадзянскую пазыцыю за нашу Беларусь».

Адзначаецца, што аўтамабілі, якія наехалі на самаробныя прыстасаваньні, належалі мясцовым рэгіянальным СМІ і аднаму з кіраўнікоў грамадзкай арганізацыі «Патрыёты Беларусі».

Руслан Слуцкі прызнаў віну часткова. Судовы разгляд працягнецца 15 сьнежня, суд плянуе апытаць іншых пацярпелых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG