Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьняволеных беларускіх журналістаў зьявіліся «хросныя» ў Бундэстагу


Будынак Бундэстагу ў Бэрліне

У межах кампаніі салідарнасьці Libereco #WeStandBYyou сымбалічныя «хросныя» зьявіліся ў палітвязьняў — журналістаў Людмілы Чэкінай, Ірыны Слаўнікавай, Віктара Фянчука, Ягора Марціновіча, Аляксандра Дайнэкі, Ірыны Леўшынай і іншых палітвязьняў.

Тэса Гансэрэр, дэпутатка нямецкага Бундэстагу (Партыя зялёных), якая стала «хроснай» Людмілы Чэкінай, свой учынак пракамэнтавала наступнымі словамі:

«Я захапляюся адданасьцю многіх людзей у Беларусі, якія, моцна рызыкуючы, працуюць на карысьць дэмакратыі, вяршэнства закону, правоў чалавека і незалежнай журналістыкі. Я хачу выказаць усім ім сваю салідарнасьць і хачу запэўніць: «МЫ З ВАМІ!» Мы падтрымліваем вас у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі! З гэтай прычыны я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Людмілы Чэкінай, а таксама ўсіх іншых несправядліва зьняволеных палітвязьняў. Гэтыя несправядлівасьць, гвалт і прыгнёт грамадзян Беларусі недапушчальныя».

«Хросны» Ірыны Слаўнікавай Томас Хакер — дэпутат Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі і сябра Камітэту па справах Эўразьвязу, у сваю чаргу, заявіў, што «мужныя беларусы ўрэшце перамогуць, бо свабода і дэмакратыя заўсёды мацнейшыя за дыктатуру!».

«Рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе замацаваць сваю ўладу. Амаль 900 палітвязьняў зараз чакаюць паказальных судоў або ўжо былі асуджаныя. Сярод іх шмат блогераў, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія проста паведамлялі пра заняпад сыстэмы, адна зь іх — Ірына Слаўнікава. Яе мужнае выступленьне за свабоду — гэта больш чым натхненьне, гэта заклік да нашай поўнай салідарнасьці. Мы стаім разам з такімі мужнымі беларусамі, як Ірына Слаўнікава», — падкрэсьліў Томас Хакер.

«Хросным бацькам» Ягора Марціновіча стаў дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных Андрэас Аўдрэч. Ён адзначыў, што ўтрыманьне Марціновіча і ягоных калегаў за кратамі — гэта сур’ёзнае парушэньне правоў і наступ на свабоду прэсы ў Беларусі.

«Мы, парлямэнтары і «хросныя бацькі» палітвязьняў, заяўляем, што дзеяньні Лукашэнкі не павінны застацца без наступстваў. Ягор Марціновіч, ягоныя калегі з рэдакцыі «Нашай Нівы» і ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Мы салідарныя зь імі і са свабоднымі і дэмакратычна настроенымі грамадзянамі Беларусі!» — падкрэсьліў Андрэас Аўдрэч.

Разам з палітзьняволенымі журналістамі «хросных бацькоў» атрымалі таксама палітвязьні берасьцеец Юры Кузьміч, асуджаны па справе аб «масавых беспарадках», і жыхары Гомля Аляксей Губіч, якога абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама Дзьмітры Заломскі, які мае інваліднасьць па слыху і адбывае цяпер пакараньне ў калёніі за нібыта «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да гвалту».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG