Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца «Вясны»: «Больш як кожная трэцяя справа ў сувязі з пратэстамі зьвязана са злачынствамі словам»


Павал Сапелка

Усё часьцей за камэнтары ў інтэрнэце на беларусаў заводзяць крымінальныя справы.

За «абразы», «паклёпы», «распальваньне варожасьці» на гэты момант асудзілі ўжо некалькі сотняў чалавек. «Белсат», спасылаючыся на зьвесткі праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, піша, што на дзень 3 сьнежня 2021 году вядома пра 1 235 асуджаных у крымінальных справах, заведзеных за ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і за рознага кшталту пасьлявыбарную актыўнасьць.

Каля 450 зь іх (36%) — гэта прысуды за паклёп і абразу службовых асобаў, судзьдзяў ці Лукашэнкі. І гэта ня ўлічваючы выракаў за «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК), бо, паводле Сапелкі, гэтыя выпадкі «могуць выглядаць па-рознаму».

«Атрымліваецца, што больш як кожная трэцяя крымінальная справа, якая разглядаецца ў сувязі з пратэстамі, — гэта справа, зьвязаная са злачынствамі словам», — заявіў праваабаронца.

Сапелка падкрэсьліў, што найбольш прысудаў у гэтай катэгорыі — за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Такіх каля 300.

Аднак праваабаронцам вядомыя ня ўсе выпадкі асуджэньня за вэрбальныя злачынствы, таму выніковая лічба можа быць большай.

Як сьцвярджае Павал Сапелка, асноўная крыніца справаў за дыфамацыю ў Беларусі — інфармацыйная прастора: чаты і сацсеткі ў інтэрнэце, СМІ. Суды за вусную абразу ці паклёп — рэдкі выпадак.

Канкрэтныя словы, за якія заводзілі крымінальныя справы аб зьнявазе ці паклёпе, не заўсёды вядомыя. Павал Сапелка зьвяртае ўвагу на характэрны момант: у тэкстах выракаў судзьдзі, як правіла, замоўчваюць, якім канкрэтна выказваньнем асуджаны «зьняважыў» ці «абылгаў» пацярпелага.

«Чаму? Як мне здаецца, гэтыя прысуды захоўваюцца нашмат даўжэй, чым матэрыялы крымінальнай справы. І з часам чалавеку будзе складана нават патлумачыць іншым, што ж насамрэч ён зрабіў і што сказаў», — мяркуе праваабаронца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG