Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настроены аптымістычна». У Рыгора Кастусёва пацьвердзілі анкалягічны дыягназ


Рыгор Кастусёў

У старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які 7 месяцаў сядзіць у «справе змоўшчыкаў», пацьвердзілі анкалягічны дыягназ, піша «Наша ніва».

Дачка Рыгора Кастусёва Кацярына даведалася пра гэта ад лекара бацькі.

«У бацькі рак прастаты. Пасьля гэтага з аднаго боку стала больш трывожна: вельмі хочацца, каб блізкі чалавек даў хваробе рады. Але цяпер хоць зьявілася нейкая вызначанасьць, і з пункту А можна рухацца ў пункт Б, прымаць нейкія меры», — расказвае Кацярына Кастусёва.

Палітыка перавялі ў турэмны шпіталь. Яму трэба будзе зрабіць яшчэ некалькі УГД, атрымаць кансультацыю ўроляга, тады далей маюць прызначыць лячэньне.

«На днях у бацькі была адвакат. І што мяне радуе, дык гэта тое, што настрой у яго бадзёры, ён больш аптымістычна настроены, а гэта ўжо нямала», — дадае Кацярына.

Яна таксама ведае, што бацьку забаранілі ўзяць з сабой плед і тэлевізар.

«Мы яшчэ жартавалі: а як без тэлевізара палітінфармацыю да затрыманых даносіць? А яшчэ ведаю, калі іх нядаўна хацелі вывесьці на шпацыр, то вызваліся толькі два чалавекі, таму што выхад затапіла вадой ня слаба, і трэба было ісьці праз яе. Сказалі, што іншай дарогай нельга ісьці. Абсурдная рэч, канечне. Здавалася б, такога ў XXI стагодзьдзі быць не павінна», — мяркуе суразмоўца.

Тэрмін утрыманьня Кастусёву працягнулі яшчэ на два месяцы — да лютага 2022 года. Хадайніцтвы аб пераводзе яго пад хатні арышт праз стан здароўя не задавальнялі.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG