Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 30 гадоў таму зацьвердзілі палажэньне аб дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягу; год таму — мітрапаліт Кандрусевіч падаў у адстаўку


Менск, 18 жніўня 2020 г.
Менск, 18 жніўня 2020 г.

Падзеі 11 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

1991 — Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў Палажэньне «Аб Дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягу Рэспублікі Беларусь». Менавіта гэты дакумэнт вызначаў прапорцыі сьцяга (суадносіны шырыні і даўжыні як 1:2).

У гэты дзень год таму

  • Мітрапаліт Кандрусевіч, якога ўлады не пускалі ў Беларусь, напісаў заяву аб адстаўцы праз узрост.
  • Эўракамісія зацьвердзіла 24 млн эўра дапамогі беларускаму грамадзтву.
  • «Рэпартэры бязь межаў» назвалі Беларусь самай небясьпечнай у Эўропе краінай для журналістаў.
  • «Журналістамі году» назвалі Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч і Дар’ю Чульцову, якія цяпер за кратамі.
  • Былы дыплямат і супрацоўнік МЗС Беларусі Валер Кавалеўскі кінуў працу ў Сусьветным банку, каб далучыцца да каманды Сьвятланы Ціханоўскай.

Гэты дзень у гісторыі

1618 — падпісаньне Дзявулінскага замірэньня, што завяршыла вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай.

1921 — зьезд прадстаўнікоў Заходняй Беларусі ў Вільні.

1941 — Італія і Нямеччына абвясьцілі вайну ЗША.

1946 — пры ААН утварыўся UNICEF — фонд Аб’яднаных Нацый для дапамогі дзецям.

1992 — у Доме Літаратара адбылася прэзэнтацыя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, царква сьвятой Кацярыны, Вільня, 2016
Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў выпускнікам ЭГУ, царква сьвятой Кацярыны, Вільня, 2016

1994 — Расея распачала першую ваенную кампанію ў Чачні.

Грозны, люты 1996
Грозны, люты 1996

У гэты дзень нарадзіліся

1829 — Людвік Зьвяждоўскі, вайсковец, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў любіў ставіць капітана расейскага Генэральнага штабу Людвіка Зьвяждоўскага ў прыклад іншым падначаленым. Царскі вяльможа і ў страшным сьне ня мог прысьніць, што ягоны ад’ютант, гэты бліскучы рэспэктабэльны афіцэр з шырокімі знаёмствамі, які ўдзень бездакорна працаваў у кіраўніцтве Віленскай вайсковай акругі, вечарамі на кансьпірацыйных кватэрах займаўся падрыхтоўкаю збройнай барацьбы супроць імпэрскай улады.

Да лета 1862-га Людвік ачольваў Літоўскі камітэт падрыхтоўкі паўстаньня. Калі на стол генэрал-губэрнатару паклалі данясеньне пра падазроныя сувязі ад’ютанта, той ня даў веры і з шкадаваньнем перавёў улюбёнца ў Маскву. Між тым у шэрагу «сумнеўных» сувязяў Зьвяждоўскага ў жандарскіх паперах згадваўся нейкі Вікенцій Канстанцін Каліноўскі. Далей сьлед героя губляўся, хоць якраз да яго перайшло кіраўніцтва Літоўскім камітэтам.

Дакумэнты сьведчаць ня толькі пра частыя спрэчкі двух патрыётаў, але і пра іх ідэйную блізкасьць. Абодва былі прыхільнікамі не аднаўленьня Рэчы Паспалітай, а самавызначэньня яе народаў.

Увесну 1863-га Зьвяждоўскі таемна прыбыў у Беларусь і стаў на чале паўстаньня ў Магілёўскім ваяводзтве. У шынялі афіцэра царскага Генштабу Зьвяждоўскі наперадзе падначаленых на кані заяжджаў у кожную сустрэтую па дарозе вёску і склікаў жыхароў на агульны сход. Вяскоўцам абяцалася ўся зямля бяз выкупаў і павіннасьцяў, скасаваньне рэкруцкіх набораў і свабода веры (шмат хто па-ранейшаму таемна заставаўся прыхільнікам здратаванай калянізатарамі Вуніі).

Пад кансьпірацыйным імем Тапор ён асабіста кіраваў адной з найбольш удалых акцыяў інсургентаў 1863-га — захопам павятовага гораду Горы-Горкі. Людвіка натхняла ідэя зрабіць паўстаньне народным і перанесьці яго на тэрыторыю Расеі. Аднак узяцьце Горак было першым і апошнім посьпехам аддзелу Зьвяждоўскага.

З суседняй Смаленшчыны яшчэ ляцелі ў Пецярбург панічныя тэлеграмы аб прысылцы дадатковых войскаў, але кінутыя супроць паўстанцаў чатыры рэгулярныя роты і казакі з артылерыяй усё шчыльней сьціскалі кальцо акружэньня.

Каб уратаваць людзей і даць ім шанец прарвацца на захад, Тапор праз тыдзень мусіў распусьціць аддзел, застаўшыся з ад’ютантам, двума вернымі паплечнікамі і палонным расейскім афіцэрам, чый лёс трэба было неадкладна вырашыць. Гэтыя падзеі ўзноўленыя ў апавяданьні «Пяць мужчын у лесьнічоўцы». Шостым з мужчынаў быў я.

Ад таго навальнічнага красавіцкага дня лёс адмераў Зьвяждоўскаму яшчэ год жыцьця. Ён будзе камандаваць Кракаўскай паўстанцкай дывізіяй, трапіць у рукі карнікаў і, успамінаючы вочы і вусны адной зь віленскіх прыгажуняў, скончыць свой трыццаціпяцігадовы зямны шлях на эшафоце ў польскім горадзе Апатаў.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 70-71.

1843 — Робэрт Кох, нямецкі мікрабіёляг, адкрывальнік узбуджальнікаў сыбірскай язвы, халеры і сухотаў, нобэлеўскі ляўрэат.

Робэрт Кох
Робэрт Кох

1918 — Аляксандар Салжаніцын, расейскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат.

1953 — Андрэй Макарэвіч, расейскі музыка, паэт і мастак, лідэр гурту «Машина времени».

У памяці

2002 — Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, вязень сталінскіх лягераў.

Сяргей Грахоўскі
Сяргей Грахоўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG