Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адолець траўму пасьля сьмерці сястры. «Год чароўнага чытаньня» амэрыканскай пісьменьніцы — дачкі беларускага эмігранта


Ніна Занковіч
Ніна Занковіч

Books are made out of books. Гэтая фраза, сказаная некалі вядомым амэрыканскім пісьменьнікам Кормакам Маккарты, круцілася ваўчком у маёй памяці, калі я чытаў кнігу Ніны Занковіч «Талстой і фіялетавае крэсла». Аўтарка за год прачытала 365 кніг і пра гэтае «чароўнае чытаньне» напісала сваю, 366-ю.

Ніна Занковіч, «Талстой і фіялетавае крэсла. Мой год чароўнага чытаньня». Менск, «Кнігазбор», 2021. Пераклад Алеся Дубкоўскага.

«Маёй сястры было сорак шэсьць гадоў, калі яна памерла. З таго моманту, калі ёй паставілі дыягназ, і да таго дня, калі яна адышла, на працягу некалькіх месяцаў я езьдзіла з Канэктыкуту ў Нью-Ёрк у адведкі да яе. Звычайна на цягніку, бо гэта давала мне магчымасьць чытаць кнігі. Як і заўсёды, чытала я для таго, каб атрымаць задавальненьне і ўцячы ад будзённых праблем. Але цяпер таксама і дзеля забыцьця: прыблізна праз паўгадзіны рэальнасьць таго, праз што праходзіла мая сястра, зьнікала. У яе знайшлі рак жоўцевай пратокі. Хвароба разьвівалася няўхільна і хутка, прыносячы з сабой толькі боль, бездапаможнасьць і страх».

Так пачынае аповед пра свой «год чароўнага чытаньня» (my year of magical reading) Ніна Занковіч (амэрыканскае напісаньне яе прозьвішча: Nina Sankovitch). Пасьля сьмерці старэйшай сястры, Ан-Мары, Ніна адчувае ня толькі боль і спустошанасьць, але і пачуцьцё вінаватасьці — «чаму я заслугоўвала права жыць, а мая сястра — не?».

Каб разабрацца ў тым, як пражыць жыцьцё «за дваіх, калі ўжо мая сястра ня будзе жыць наогул», Ніна прыдумляе сабе незвычайны праект: калі ёй спаўняецца сорак шэсьць гадоў, яна пачынае чытаць кнігі, адну за дзень, і піша свае водгукі-рэцэнзіі на прачытаныя кнігі на адмыслова заснаваным сайце (www.readallday.org). Кнігі чытае вечарамі (седзячы ў «фіялетавым крэсьле»), уранку піша водгукі на прачытанае і публікуе. Астатні час дня прысьвячае сям’i: у яе муж, які працуе і ўтрымлівае сям’ю, і чатыры сыны.

«Прайшло тры гады, як памерла мая сястра, і цяпер я дакладна ведала, што ўжо ніколі не змагу пазбавіцца ад свайго гора. Я і не спадзявалася на палёгку. Я толькі хацела знайсьці ў кнігах адказ, які патлумачыў бы мне, чым я заслужыла права на жыцьцё і як я павінна пражыць гэтае жыцьцё. Мой год чытаньня павінен быў стаць маёй спробай „уцячы назад у жыцьцё“».

Ніна Занковіч нарадзілася ў Эванстане недалёка ад Чыкага, у беларуска-бэльгійскай сям’і, як наймалодшая дачка. Найстарэйшую назвалі Ан-Мары, сярэднюю — Наташай. Яе бацька, Анатоль Занковіч, вядомы хірург у Чыкага, нарадзіўся ў вёсцы Сіўцы Вілейскага павету Віленскага ваяводзтва (у даваеннай Польшчы). Падчас нямецкай акупацыі партызаны ў адну ноч забілі ягоных двух братоў і сястру. У 1944 годзе ён пакінуў Беларусь, у 1946-м закончыў Беларускую гімназію ў Рэгенсбургу (Баварыя), нейкі час вучыўся ў Мюнхэнскім унівэрсытэце, потым закончыў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі. У Лювэне, на мэдычным факультэце, Анатоль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Тыльдай — яны пераехалі ў ЗША напрыканцы 1950-х.

[Першая асабістая рэмарка. У 1991 годзе, калі я часова жыў у Нью-Ёрку і зьбіраў матэрыял для сваёй кніжкі пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, я перапісваўся таксама і са спадаром Анатолем Занковічам у Чыкага, просячы яго як выпускніка Гімназіі даць мне біяграфічную інфармацыю пра сябе. Для мяне было вялікай нечаканасьцю дазнацца з прадмовы Натальлі Гардзіенка, рэдактаркі беларускага перакладу кнігі Ніны Занковіч, што Анатоль Занковіч жыве па сёньняшні дзень, у Нью-Ёрку на Мангэтане. Яму ўжо добра за 90 гадоў.]

Ніна Занковіч прызнаецца:

«У чытаньні я знайшла свой спосаб пераадольваньня гора. Я больш не спрабавала пазбавіцца яго — я яго абсарбавала. З дапамогай памяці. Памяць ня можа зьнішчыць гора ці вярнуць мёртвых, але яна дазваляе мінуламу заставацца з намі назаўжды. У мінулым было ўсё, былі і дрэнныя моманты, але таксама і вельмі добрыя: напрыклад, калі мы весяліліся, гулялі, каштавалі смачныя стравы, абмяркоўвалі цікавыя кнігі».

«Талстой і фіялетавае крэсла» — гэта два дзясяткі разьдзелаў, у якіх рэфлексіі над прачытанымі кнігамі і цытаты зь іх перамяжоўваюцца экскурсамі аўтаркі ў сваё мінулае і мінулае сваіх бацькоў ды спробамі зразумець, дзеля чаго варта жыць. Гэта вельмі добрая літаратура, хоць і нон-фікшн.

Яшчэ адна цытата зь Ніны Занковіч:

«Праўда жыцьця даказваецца ня толькі непазьбежнасьцю сьмерці, але і зьдзіўленьнем ад таго, што мы наогул жылі. Памяць пра мінулыя жыцьці пацьвярджае гэтую праўду больш і больш па меры таго, як мы старэем. Калі я была маленькая, бацька сказаў мне аднойчы: „Не шукай шчасьця, бо само жыцьцё — гэта і ёсьць шчасьце“. Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб зразумець, што ён меў на ўвазе. Каштоўнасьць уласна жыцьця, чыстая каштоўнасьць існаваньня. Калі я перажывала сьмерць маёй сястры, раптам зразумела сваю памылку: я глядзела толькі на самы канец яе жыцьця, а трэба было бачыць усё яе жыцьцё на ўсім працягу. Я была зацыкленая не на тым. Надышоў час павярнуцца і паглядзець у іншым кірунку. Толькі азіраючыся назад, магчыма рухацца наперад. Я мусіла выправіцца ў зваротны рэйс, распачаць паездку, якая верне мяне да свайго ўласнага жыцьця, у якім знойдзецца месца і для ўспамінаў пра жыцьцё сястры».

Прыгожа і разумна, праўда?

Сёньня Ніна Занковіч — даволі вядомая амэрыканская аўтарка нон-фікшн, кнігі якой нязьменна атрымліваюць вельмі прыхільныя рэцэнзіі ды няблага прадаюцца. Акрамя апублікаванай у 2011 годзе кнігі «Tolstoy and the Purple Chair: My Year of Magical Reading», яна выдала яшчэ тры іншыя: «Signed, Sealed, Delivered: Celebrating the Joys of Letter Writing» (2014); «The Lowells of Massachusetts: An American Family» (2017); «American Rebels: How the Hancock, Adams, and Quincy Families Fanned the Flames of Revolution» (2020).

[Другая асабістая рэмарка. Пад канец кнігі «Талстой і фіялетавае крэсла» Ніна Занковіч зьмясьціла поўны сьпіс кніг, прачытаных ёю ад 28 кастрычніка 2008 году да 28 кастрычніка 2009 году. Я ўважна паглядзеў увесь гэты сьпіс з 365 кніг і з пэўнай дозай зьбянтэжанасьці адзначыў, што прачытаў зь яго ўсяго 10, ну, максымальна 12 пазыцый. Але з гэтай прычыны я доўга не сумаваў. Сьвет кніг — бясконцы, як Бабілёнская бібліятэка Борхэса. І хоць нявартых ці проста недарэчных кніг у гэтым сьвеце значна-значна больш, чым вартых і дарэчных, то гэтых другіх усё ж настолькі многа, што нам усім неабавязкова чытаць тое самае, каб лічыць сябе добра начытанымі.]

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG