Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць каго скіраваны законапраект аб генацыдзе?


Курапаты. Ілюстрацыйнае фота

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале надрукаваны законапраект «Аб генацыдзе беларускага народу». Відавочна, што зьяўленьне такога дакумэнту — гэта ход у палітычнай барацьбе.

Улады імкнуцца выкарыстаць гісторыю як спосаб сваёй легітымізацыі і інструмэнт дыскрэдытацыі апанэнтаў. Яны хочуць прывязаць прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцяга да калябарантаў, якія разам з фашыстамі ажыцьцяўлялі генацыд. Схема ня новая. Яна выкарыстоўваецца ў палітычнай барацьбе ўжо шмат гадоў. Новае ў тым, што цяпер за «адмаўленьне генацыду» прадугледжваецца крымінальная адказнасьць.

Садзіць у турму за «няправільную» інтэрпрэтацыю гісторыі — гэта ня самым лепшым чынам характарызуе палітычны рэжым у краіне. Наўрад ці варта спрачацца наконт таго, якім тэрмінам характарызаваць фашысцкі тэрор на тэрыторыі Беларусі. Аднак, калі гаварыць пра гістарычны аспэкт гэтага закону, то тут існуе некалькі праблем.

Па-першае, калі гаварыць пра генацыд, то чаму не пашырыць часавыя рамкі, не ўключыць даваенны пэрыяд, не ўзгадаць ахвяраў тэрору савецкага таталітарызму? Хіба ў Курапатах ляжаць не прадстаўнікі беларускага народу?

Другая праблема, на якую зьвярнуў увагу нямецкі гісторык Аляксандар Фрыдман. Справа ў тым, што на тэрыторыі Беларусі было зьнішчана шмат габрэяў зь Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі, якіх нацысты дэпартавалі сюды падчас вайны. А ў законапраекце гаворка ідзе пра генацыд супраць беларускага народу. Як аддзяліць прадстаўнікоў беларускага народу ад габрэяў з Эўропы?

Па-трэцяе, неяк дзіўнавата гучыць згадка пра генацыд беларускага народу ў пасьляваенны пэрыяд. Зразумела, навошта гэта робіцца. Улады хочуць паставіць у адзін шэраг злачынствы фашыстаў падчас вайны і тэрор супраць беларускага насельніцтва на Беласточчыне, учынены атрадамі Рамуальда Райса («Буры») пасьля 1945 году. Гэта ідэалягічны і палітычны выпад супраць Польшчы. А заадно ўдар па Саюзу палякаў Беларусі, лідэры якога (Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс) сядзяць у турме якраз за ўшанаваньне «праклятых жаўнераў».

Тэрор быў, гэта ніхто не адмаўляе. Але антыкамуністычнае падпольле Польшчы, структуры Арміі Краёвай, якія ўсю вайну ваявалі з фашыстамі, назваць «памагатымі» нацысцкіх злачынцаў — гэта вялікае насільле над гісторыяй.

Аднак самае галоўнае ў тым, што спадзяваньні ўладаў чарговай апэляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны павярнуць на свой бок сымпатыі грамадзтва выглядаюць марнымі і ўтапічнымі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG