Ужо сёньня: Міжнародны дзень правоў чалавека

Акцыя швайцарскіх дэпутатаў у падтрымку палітычнай зьняволенай Натальлі Хершэ
Акцыя швайцарскіх дэпутатаў у падтрымку палітычнай зьняволенай Натальлі Хершэ

Падзеі 10 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

10 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе на Генэральнай Асамблеі ААН прынялі Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

Таксама ў гэты дзень

1520 — Марцін Лютэр публічна спаліў папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне пратэстантызму ад Каталіцкай царквы.

1901 — уручылі першыя Нобэлеўскія прэміі.

1945 — адкрылася Беларуская гімназія ў Рэгенсбургу (Нямеччына).

1963 — была ўведзена ў эксплюатацыю першая чарга калійнага камбінату ў Салігорску.

1991 — цэнтральны праспэкт Менску атрымаў новую назву ў гонар Францішка Скарыны.

1991 — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Белавескія пагадненьні аб спыненьні дзеяньня Саюзнай дамовы 1922 году і аб утварэньні СНД. Супраць прагаласаваў адзін дэпутат — былы сакратар ЦК КПБ і будучы старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня.

2007 — пачалася трансьляцыя тэлеканалу «Белсат».

2015 — Сьвятлане Алексіевіч уручылі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры.

Уручэньне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч
Уручэньне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч

У гэты дзень нарадзіліся

1870 — Фэрдынанд Рушчыц, жывапісец і пэдагог.

Фердынанд Рушчыц. «Зямля». 1898
Фердынанд Рушчыц. «Зямля». 1898

1878 — Мікола Блёдуха, беларускі акадэмік, геоляг, дасьледчык карысных выкапняў Беларусі.

1892 — Павал Аляксюк, беларускі палітык, радны БНР, старшыня Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік ураду пры штабе генэрала Булак-Балаховіча.

1930 — Мікола Арочка, беларускі паэт і літаратуразнавец, аўтар гістарычных паэм «Курганьне», «Крэва», «Судны дзень Скарыны», «Каранацыя Мяндоўга».

1939 — Анатоль Белы, беларускі грамадзка-культурны дзяяч, навуковец, калекцыянэр, стваральнік прыватнага мастацкага музэю ў Старых Дарогах (заснаваны ў 1999 годзе).

У памяці

1896 — памёр Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік, інжынэр, вынаходнік дынаміту, заснавальнік Нобэлеўскай прэміі.

2006 — памёр Аўгуста Піначэт, чылійскі дыктатар.

​
XS
SM
MD
LG