Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы далёкія ад палітыкі». Нямецкая кампанія Dr. Theiss адказала на крытыку за рэкляму на БТ


Акцыя пратэсту супраць хлусьні на Белтэлерадыёкампаніі. Менск, 17 жніўня 2020
Акцыя пратэсту супраць хлусьні на Белтэлерадыёкампаніі. Менск, 17 жніўня 2020

Праваабаронцы абурыліся, што перад і пасьля прапагандысцкіх выпускаў навін і праграмаў БТ, у якіх вывальваюць тоны гразі на крытыкаў рэжыму, кампанія Henkel дае рэкляму мыйных сродкаў. Henkel і Dr. Theiss адрэгавалі.

Яшчэ адна нямецкая фірма Dr. Theiss, якая рэклямуе свае тавары на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, адказала на даклад праваабаронцаў Libereco.

У адказе на запыт Deutsche Welle гаворыцца, што Dr. Theiss захоўвае абавязаньні аб рэкляме ў Беларусі на 2021 год і пакідае за сабой права перагледзець сваю стратэгію надалей.

Пры гэтым прадстаўнік кампаніі асабліва падкрэсьліў, што Dr. Theiss далёкая ад палітыкі, а рэклямны бюджэт Dr. Theiss у Беларусі меншы за паўмільёна эўра — адзін з самых маленькіх у параўнаньні зь іншымі краінамі, дзе працуе фірма.

Нямецкая кампанія амаль 30 гадоў пастаўляе на беларускі рынак сродкі для гігіены, болесуцішальныя і лекі ад прастуды. Доля ў адносінах да агульных продажаў групы прадпрыемстваў — 1,4%.

Пры гэтым ў кампаніі лічаць беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне «важным каналам сувязі з патэнцыйнымі спажыўцамі».

Як напісала раней адна з найбуйнейшых нямецкіх газэт Frankfurter Allgemeine Zeitung, інтэнсіўная лукашэнкаўская агітацыя на дзяржаўных беларускіх тэлеканалах перамяжаецца рэклямай нямецкіх мыйных сродкаў.

«Такім чынам кампанія Henkel масіравана рэклямуецца на прапагандысцкіх каналах беларускага дыктатара. Але цяпер ёсьць прыкметы сыходу».

«Мы вельмі сур’ёзна ставімся да крытыкі, выказанай у дачыненьні да гэтай практыкі, і адаптавалі нашу мясцовую маркетынгавую дзейнасьць з улікам гэтага», — сказаў прадстаўнік кампаніі Henkel на запыт FAZ.

«Мы не рэзэрвавалі новага рэклямнага часу на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі», — адказалі ў кампаніі.

Паводле падлікаў нямецкай няўрадавай арганізацыі Libereco, шэсьць зь дзесяці рэклямных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах разьмяшчаюць заходнія кампаніі.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным дакладзе Libereco і грамады беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Дасьледчыкі прааналізавалі 960 рэклямных ролікаў, якія паказалі «Беларусь-1», АНТ і СТВ ад 15 да 21 лістапада. Вынік: 58% разьмешчаныя заходнімі кампаніямі, 30% — беларускімі, 12% прыпадае на долю вытворцаў з Расеі, Украіны, Індыі, Паўднёвай Карэі і некаторых іншых.

«Мы шакаваныя тым, што нямецкія кампаніі фінансуюць тэлеканалы Лукашэнкі за кошт рэклямных сродкаў, нягледзячы на шматлікія задакумэнтаваныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Перад і пасьля прапагандысцкіх выпускаў навін і праграмаў, у якіх вывальваюць тоны гразі на крытыкаў рэжыму, кампанія Henkel дае рэкляму мыйных сродкаў. Калі мэдычнае абслугоўваньне 900 палітвязьняў зусім не адэкватнае, нямецкія фармацэўтычныя кампаніі рэклямуюць свае лекі. Гэтыя вельмі сумнеўныя з маральнага пункту гледжаньня акцыі павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Марка Фібэр, кіраўніца нямецкага аддзяленьня Libereco.

Больш за ўсё рэклямных ролікаў разьмясьцілі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах наступныя кампаніі:

  • Mars (ЗША),
  • Procter & Gamble (ЗША),
  • Henkel (Нямеччына),
  • Sanofi (Францыя).
  • Queisser Pharma (Нямеччына),
  • Grindeks (Латвія),
  • Colgate-Palmolive (ЗША),
  • PepsiCo (ЗША),
  • Dr. Theiss Naturwaren (Нямеччына),
  • Sandoz (Швайцарыя),
  • GlaxoSmithKline (Вялікая Брытанія),
  • Jacobs (Нідэрлянды),
  • A1 (Аўстрыя),
  • Danone (Францыя).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG