Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уручыла ўкраінскаму вайсковаму аташэ ноту пратэсту ў сувязі з «частымі парушэньнямі мяжы»


Украінскі верталёт Мі-8, архіўнае фота
Украінскі верталёт Мі-8, архіўнае фота

4 сьнежня беларускі бок заявіў, што ўкраінскі верталёт нібы парушыў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь.

5 сьнежня ў Дэпартамэнт міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі выклікалі вайсковага аташэ пры Пасольстве Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь. Яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з частымі парушэньнямі ўкраінскім бокам мяжы ў паветранай прасторы, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.

Падставай паслужыла парушэньне 4 сьнежня 2021 году мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы ўкраінскім верталётам тыпу Мі-8 у раёне Новай Рудні. Вайсковаму аташэ заявілі, што «ўкраінскі бок пазьбягае дыялёгу для вырашэньня спрэчных пытаньняў як па лініі міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, так і кантролю над узбраеньнямі, што вельмі трывожна».

Беларускія службы сьцьвярджаюць, што Ўкраіна ўхіляецца ад выкананьня абавязальніцтваў у рамках рэгіянальных мераў даверу і бясьпекі. Таксама Мінабароны Беларусі не падабаецца правядзеньне шэрагу вучэньняў паблізу беларускай мяжы падразьдзяленьнямі ўзброеных сіл Украіны «на фоне абвінаваўчай у адносінах да Рэспублікі Беларусь рыторыкі».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны яшчэ ўчора зьняпраўдзілі інфармацыю аб парушэньні паветранай прасторы Беларусі ўкраінскім верталётам.

У той жа час амэрыканская выведка высьветліла, што Расея плянуе чарговы напад на Ўкраіну сіламі 175 тысяч вайскоўцаў. Украінскія ўлады раней заяўлялі пра тое, што расейскае ўварваньне ў краіну можа адбыцца і з поўначы, гэта значыць, з тэрыторыі Беларусі, дзе расейскія вайскоўцы рэгулярныя госьці і праводзяць там сумесныя вучэньні.

У сваю чаргу, Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што «калі толькі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, у баку Беларусь не застанецца».

NATO і ЗША папярэдзілі Расею пра недапушчальнасьць далейшай экспансіі на ўкраінскую тэрыторыі і прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі. 7 сьнежня прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн па відэасувязі правядзе размову зь кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG