Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Рыльке; год таму — ААН і ЭЗ заступіліся за беларускіх журналістаў


Райнэр Марыя Рыльке
Райнэр Марыя Рыльке

Падзеі 4 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

У гэты дзень год таму

  • Рада правоў чалавека ААН прыняла заяву з асуджэньнем перасьледу журналістаў рэжымам Лукашэнкі.
  • Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў асудзіла перасьлед беларускіх журналістаў.
  • Біскуп Віцебскі заклікаў вызваліць ксяндза Вячаслава Барка.

Гэты дзень у гісторыі

1665 — пачаў дзейнічаць Берасьцейскі манэтны двор.

1939 — у складзе БССР утвораная Беластоцкая вобласьць.

1989 — Генэральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвэнцыю аб барацьбе зь вярбоўкаю, выкарыстаньнем, фінансаваньнем і навучаньнем наймітаў.

1989 — у Маскве кіраўнікі Баўгарыі, Вугоршчыны, ГДР, Польшчы ды СССР асудзілі ўвод іхных войскаў у Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 году.

1997 — у Атаве 125 краін падпісалі Канвэнцыю аб забароне супрацьпяхотных мін. Сярод краін, якія адмовіліся падпісаць гэты дакумэнт, былі Кітай, Расея, ЗША.

У гэты дзень нарадзіліся

1834 — Каміла Марцінкевіч, беларуская піяністка, кампазытарка, пэдагог, удзельніца рэвалюцыйнага руху ў Беларусі ў 1860-я гады. Дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Паказаўшы бліскучыя здольнасьці ўжо ў раньнім дзяцінстве, яна з васьмі гадоў канцэртавала ў Менску, Вільні, Кіеве, Варшаве… У праграмах гучала музыка яе ўлюбёных Шапэна й Ліста і ўласныя творы. Не бяз посьпеху яна выходзіла на сцэну й як акторка — у тым ліку падчас паказу ў Менску славутай опэры «Сялянка» («Ідылія»), музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка, а лібрэта — бацька Камілы.

Але гэтая артыстычная натура мела й іншае жыцьцё. У 1861-м яе салён стаў месцам сходаў менскай арганізацыі патрыятычнага Літоўскага камітэту, які рыхтаваў вызвольнае паўстаньне. Неўзабаве Каміла, што таксама належала да нелегалаў, была арыштаваная за ўдзел у антырасейскіх маніфэстацыях і зьмешчаная ў вар’ятню. Пратэсты менчукоў, якія дзень пры дні прыносілі да сьценаў лякарні букеты кветак, змусілі ўлады вызваліць патрыётку. Аднак у лютым 1863-га яе зноў узялі пад варту. Падставай быў данос расейскага салдата. Каміла зьвярнулася з просьбай да яго прадаць зброю.

Яе трымалі ў Пішчалаўскім замку, потым у кляштары бэрнардынаў. Там яна атрымлівала лісты з прызнаньнямі ў каханьні ад іншага вязьня — аднаго з кіраўнікоў менскай паўстанцкай арганізацыі Караля Станкевіча.

Далейшы лёс Камілы вырашыў учынак, які сьведчыць пра яе непахісны дух. У жніўні 1863-га з вакна камэры яна кінула кветкі пад ногі паўстанцу Яну Жмачынскаму, якога вялі на сьмяротнае пакараньне. Адказам уладаў стала высылка дваццаціпяцігадовай Камілы Марцінкевіч пад паліцэйскі нагляд у Салікамск. Яна змагла вярнуцца праз дваццаць гадоў — каб убачыць зямлю юнацтва і знайсьці ў ёй вечны супакой.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 94–95.

1847 — Якуб Наркевіч-Ёдка, беларускі навуковец-прыродазнаўца, лекар, вынаходнік электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сыгналаў.

1875 — Райнэр Марыя Рыльке, нямецкі паэт.

У росьце дрэва: чыстае ўзрастаньне!
О сьпеў Арфэя! О сьпяваньне дрэў!
Замоўкла ўсё. І нанава з маўчаньня
пачаўся рух, пачаўся рост і сьпеў.

Ішлі зьвяры — з таемнае бярлогі,
з гушчарных лежняў і глыбокіх нор —
ня іх драпежны нораў вёў праз бор,
Ня страх прыцішыў іх да асьцярогі, —

вяло пачутае. Крык страшных драм
аціх у сэрцы іх. І там, дзе ў слыху
прытулак быў для сочкі і для ўлову,

дзе ў слыху быў апошні ключ да схову,
дзе гніў тады аплот жыцьця паціху, —
цяпер Арфэй паставіў песьні храм.

(Райнэр Марыя Рыльке, пачатак кнігі «Санэты Арфэю», пераклад Васіля Сёмухі)

1892 — Франсіска Франка, гішпанскі дыктатар.

У памяці

1131 — Амар Хаям, пэрсыдзкі і таджыцкі паэт, матэматык, філёзаф.

1642 — Арман Рышэльё, кардынал, францускі палітык.

1679 — Томас Гобс, ангельскі філёзаф-матэрыяліст і матэматык.

1942 — Вера Харужая, беларуская падпольніца, партызанка.

Вера Харужая
Вера Харужая

1972 — Мікалай Аладаў, беларускі кампазытар і пэдагог.

2005 — Франціш Бартуль, дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

На пачатку вайны ён служыў у Чырвонай арміі й займаўся эвакуацыяй сем’яў і маёмасьці савецкага кіраўніцтва Латгаліі, якое на знак падзякі не ўзяло яго ў апошні цягнік. (Сказалі, што няма месца, і пакінулі зь няспраўным пісталетам.)

У 1944 годзе ён зусім нядоўга павучыўся ў менскай Беларускай афіцэрскай школе і быў зь яго добрым веданьнем моваў тэрмінова запатрабаваны на пасаду перакладчыка ў штаб камандзіра нядаўна ўтворанай Беларускай Краёвай Абароны генэрала Францішка Кушаля…

Апынуўшыся зь сям’ёю ў ЗША, Бартуль заснаваў прамысловую карпарацыю «А-rite».

Ягонымі партнэрамі й сябрамі былі італіец, індус, кітаец і ямайкіец. Ён добра валодаў латыскай, польскай, расейскай, нямецкай, ангельскай і лацінскай мовамі. Але прынцып «Беларусь — перадусім» заўсёды заставаўся для яго галоўным. «Беларушчына — гэта хвароба, якой немагчыма пазбыцца ніколі», — казаў ён.

Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў ён быў сябрам Рады БНР і ўзначальваў Фундацыю імя Пётры Крачэўскага ў Нью-Ёрку.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 554–555.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG