Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя Беларусі прызнала, што масачны рэжым адмянілі на піку росту захворваньня на COVID-19


Рэклямны шчыт «Насіце маскі» ў Менску зьнік праз два дні пасьля зьяўленьня.

У кастрычніку ў Беларусі ўвялі абавязковы масачны рэжым па ўсёй краіне. Аднак пратрымаўся ён 9 дзён, потым міністэрства ўнесла зьмены ў «Санітарныя нормы і правілы, зьвязаныя з COVID-19».

Зь іх цалкам выключылі пункт, які абавязваў людзей насіць маскі і трымаць дыстанцыю ва ўстановах, арганізацыях і грамадзкім транспарце.

Нядаўна Бабруйскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі прызнаў, што адмена масачнага рэжыму адбылася падчас максымальнага росту захворваньня на каранавірус.

Жыхары Бабруйску склалі пэтыцыю і запатрабавалі растлумачыць, чым былі абумоўлены ўвядзеньне абмежавальных захадаў для прафіляктыкі інфэкцыі COVID-19 і такое імклівае іх зьмякчэньне.

Пэтыцыю накіравалі ў Бабруйскі гарвыканкам і ў Бабруйскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. З занальнага цэнтру прыйшоў адказ з подпісам галоўнага доктара Дзьмітрыя Лайтэра.

У дакумэнце тлумачацца прычыны прынятых адразу жорсткіх захадаў

«былі абумоўленыя асаблівасьцямі разьвіцьця эпідэмічнай сытуацыі на тэрыторыі г. Бабруйску і Бабруйскага раёну. У верасьні месяцы 2021 году адзначалася павелічэньне ўдзельнай вагі захваральнасьці COVID-19 асобаў ва ўзросьце 18-25 гадоў, гэта значыць найбольш актыўнай узроставай катэгорыі грамадзян, якія наведваюць названыя аб’екты».


Прычына адмены гэтых захадаў гучыць так:

«У мэтах выкананьня даручэньняў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з набыцьцём моцы пастановы Міністэрства аховы здароўя».


Разам з тым галоўны доктар сам жа ўказвае на супярэчлівасьць адмены гэтых захадаў:

«Адначасова інфармуем, што з 35-га тыдня (2 верасьня) 2021 году адзначаўся рост захворваньня на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі на тэрыторыі г. Бабруйску і Бабруйскага раёну, а таксама назіраўся рост захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Максымальнае захворваньне зарэгістравана на 42-м тыдні (15-22 кастрычніка 2021)».

Бабруйскі гарвыканкам адмяніў абавязковы масачны і ў цэлым строгія каранавірусныя захады 22 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG