Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі ў адказ на санкцыі Эўразьвязу заклікаў заходніх палітыкаў «адумацца»


МЗС Беларусі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі паабяцала «жорсткія і асымэтрычныя» крокі ў адказ на новыя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам.

«Глыбіню абсурду рашэньня ЭЗ наконт апошніх санкцый супраць сувэрэннай Беларусі і сам ягоны зьмест зараз цяжка ўсьвядоміць», — заявілі ў міністэрстве замежных спраў Беларусі. Там мяркуюць што мэтай санкцый зьяўляецца «зьнішчэнне Беларусі як сувэрэннай, эканамічна-пасьпяховай дзяржавы».

«Чым далей будзе працягвацца гэты працэс, тым больш відавочнай становіцца яго небясьпека ўжо для стабільнасьці і бясьпекі ўсяго нашага рэгіёну. І віна за ўсё ляжыць выключна на ініцыятары санкцыйнай сьпіралі і агрэсіі — Эўрапейскім зьвязе. Усё яшчэ заклікаем эўрапейскіх палітыкаў адумацца».

2 сьнежня Эўрапейскі зьвяз, ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёньня, у адказ на працяглыя нападкі на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, ігнараваньне міжнародных нормаў і неаднаразовыя акты рэпрэсій, мы зноў распачалі скаардынаваныя санкцыйныя дзеяньні супраць пэўных фізычных і юрыдычных асоб», — гаворыцца ў сумеснай заяве старон.

  • ЗША ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс 20 фізычных асоб, 12 арганізацый і тры паветраныя судны Беларусі, у прыватнасьці, пад санкцыі патрапілі сын Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрый; кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо.
  • Канада ўвяла санкцыі супраць 24 асобаў і 7 кампаній Беларусі. У іх сьпісе ёсьць пракурор Аліна Касьянчык, Дзьмітрый Лукашэнка і іншыя.
  • Вялікая Брытанія ўнесла ў санкцыйны сьпіс «Беларуськалій» і 8 асоб.
  • Таксама афіцыйна набылі моц санкцыі ЭЗ. У новым сьпісе санкцый Эўразьвязу 17 асоб і 11 арганізацый. Усяго ў санкцыйным сьпісе ЭЗ супраць рэжыму ў Беларусі — 183 фізычных і 26 юрыдычных асоб.

Новыя абмежавальныя захады ўводзяцца на фоне міграцыйнага крызу на мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю, у арганізацыі якога Захад абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG