Лінкі ўнівэрсальнага доступу

37% палякаў згодныя прыняць частку мігрантаў пасьля іх вэрыфікацыі, — апытаньне


Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Паводле сацыялягічнага апытаньня, 37% палякаў згодныя прыняць частку мігрантаў пасьля праверкі іх спэцыяльнымі службамі і вэрыфікацыі. Такімі дадзенымі падзяліўся на лекцыі, арганізаванай беларускім Прэс-клюбам, польскі журналіст і аналітык Міхал Патоцкі.

Лекцыя была прысьвечаная міграцыйнаму крызісу на мяжы, рэакцыі на яго з боку польскіх уладаў, грамадзтва і СМІ.

Паводле апытаньня, на якое спасылаецца аналітык, 14% рэспандэнтаў лічаць, што мігрантаў варта прыняць і перадаць іншым эўрапейскім краінам.

6% апытаных выказаліся, што прыняць варта ўсіх мігрантаў, якія таго захочуць.

9% — прыняць толькі тых, хто кваліфікаваны спэцыяліст.

Журналіст заўважыў, што міграцыйны крызіс разгарнуўся на фоне ўнутрыпалітычнай барацьбы ў Польшчы і што ён ускладняе адносіны ў грамадзтве паміж прыхільнікамі ўлады і апазыцыі. Тэму міграцыйнага крызісу палітычныя партыі пачалі выкарыстоўваць за барацьбу ўнутры сэйма, за тыя адсоткі, якіх не хапае апазыцыі.

«Калі паглядзець дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, то грамадзтва нібыта падзелена на дзьве роўныя часткі ў адносінах да мігрантаў. Але калі іх разьбіць на прыхільнікаў „Права і Справядлівасьці“ і апазыцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі“, то лічбы іншыя. Калі глыбей зайсьці і паглядзець тыя лічбы, што я падаваў вышэй, то відаць, што людзі ня так падзелены, як яны думаюць адзін пра аднаго і пра сябе. Бо большасьць кажа, што пэўную частку мігрантаў трэба пусьціць», — расказаў Патоцкі.

Ён заўважыў, што цяпер польскія ўлады вырашылі пры пэўных умовах пусьціць журналістаў на мяжу — раней памежжа нельга было наведаць з прычыны надзвычайнага становішча.

«Раней улады тлумачылі, што працаваць у зоне надзвычайнага становішча можа быць рызыкоўным. Але журналісты працуюць і на Данбасе, і ў Афганістане. Калі нашы заходнія калегі — журналісты ня могуць трапіць на польскі бок мяжы, то ў матэрыялах будзе менш польскіх аргумэнтаў, чым магло б быць», — дадаў журналіст.

Ён кажа, што цяпер СМІ ў Польшчы падзеленыя. Ёсьць тыя, што ва ўсім падтрымліваюць урад і тлумачаць людзям, што ўрад робіць усё правільна. Іншыя СМІ крытыкуюць усе рашэньні ўладаў, якія б тыя ні былі.

«Калі журналісты апісваюць у сваіх СМІ драматычныя падзеі, якія адбываюцца зь мігрантамі на мяжы, то з „другога боку“ ім прылятаюць папрокі, што яны здраднікі, працуюць на карысьць Лукашэнкі і Пуціна. Тыя журналісты, якія ў сваіх матэрыялах падтрымліваюць намаганьні ўладаў не прапускаць мігрантаў, чуюць папрокі ў свой бок, кшталту: „Вы забойцы!“. Разам з тым шмат маіх калег працуюць сумленна, годна выконваюць сваю працу, якая палягае ў тым, каб дакапацца да праўды», — сказаў Патоцкі.

«У часы „халоднай вайны“ была гонка ўзбраеньняў. Цяпер у Польшчы гонка выказваньняў. Тэмпэратура дыскусіі стала нездаровай. Шмат чырвоных ліній ужо перайшлі, і цяжка цяпер вярнуцца да нейкай нармальнасьці. Гэта адбіваецца нават на нефармальных кантактах журналістаў», — дадаў аналітык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG