Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык Шрайбман пра прызнаньне яго тэлеграм-каналу экстрэмісцкім: «Рана ці позна ўсе будуць экстрэмістамі»


Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

2 сьнежня тэлеграм-канал палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана папоўніў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле вэрсіі ГУБАЗіКу МУС Беларусі.

Арцём Шрайбман пракамэнтаваў Свабодзе гэтую навіну:

— Я ніяк не адрэагаваў на навіну аб прызнаньні майго тэлеграм-каналу экстрэмісцкім. Я разумеў, што рана ці позна ўсе, хто хоць нешта публічна гаворыць, будуць экстрэмістамі, таму ня ўбачыў тут нечага сэнсацыйнага. Для каналу гэта ня значыць нічога, акрамя таго, каб заклікаць падпісчыкаў больш асьцярожна дзяліцца кантэнтам, калі яны могуць быць за гэта пакараныя, калі яны, напрыклад, знаходзяцца ў Беларусі. Гіпэрспасылкі на мой канал даваць больш ня варта.

Я ня думаю, што ўлады робяць гэта [прызнаюць тэлеграм-канал экстрэмісцкім. — РС] таму, што я ім пагражаю. Гэта проста спроба зьменшыць цыркуляцыю некамфортнай для іх інфармацыі, наколькі яны гэта могуць. Ці то аналітыка, ці то публіцыстыка, ці то журналістыка. Яны жадаюць, каб гэтую інфармацыю чытала як мага менш людзей.

Улады спрабуюць гэтага дасягнуць такімі мэтадамі, пагражаючы людзям за распаўсюд гэтай інфармацыі. Найперш гэта санкцыя не на мяне, а на тых, хто захоча публічна дзяліцца гэтым кантэнтам. Або, як мы бачылі па справе мужа і жонкі Крупенічаў, — ня толькі публічна.

Арцём Шрайбман неаднаразова рабіў прагнозы далейшага разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў краіне. Палітычны аналітык таксама камэнтуе ў сваім канале крокі дзяржавы, у тым ліку рэпрэсіўныя. Экстрэмісцкімі ў Беларусі прызнаныя больш за 300 каналаў і суполак: ад лякальных чатаў да каналаў з сотнямі тысяч падпісчыкаў. 7 з 10 найбольш папулярных беларускіх тэлеграм-каналаў прызнаныя экстрэмісцкімі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG