Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Менску арыштаваў на 15 сутак хворую на рак жанчыну за рэпост з сайта Zerkalo


Суд Першамайскага раёну Менску. Архіўнае фота.
Суд Першамайскага раёну Менску. Архіўнае фота.

Хворую на рак супрацоўніцу праграмы развіцця ААН ужо двойчы арыштавалі за рэпост «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У турме на Акрэсьціна жанчына захварэла на цыстыт.

30 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Менску судзьдзя Максім Трусевіч разгледзеў справу 49-гадовай Анастасіі Несьцеравай, паведамляе «Вясна».

Анастасія Несьцерава працуе фінансава-адміністрацыйным асыстэнтам у праграме разьвіцьця ААН у Беларусі. Затрымалі яе 18 лістапада. Тады арыштавалі на 10 сутак па арт. 19.11 КаАП за захоўваньне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Адразу ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла рэпост з «экстрэмісцкага» канала, але міліцыянты былі вымушаныя перапісваць пратакол, бо тое паведамленьне, за якое яе судзілі, дасылала не сама Анастасія, а наадварот — ёй.

Таксама вядома, што мужа Несьцеравай таксама арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дома ў мужа і жонкі зрабілі ператрус, забралі тэхніку.

28 лістапада Анастасія на волю ня выйшла, бо на яе склалі паўторны пратакол па арт. 19.11 КаАП. Гэтым разам за рэпост з выданьня Zerkalo. Па словах жанчыны, яна адправіла сяброўцы, якая жыве не ў Беларусі, інфармацыю пра яе пляменьніцу, што была разьмешчаная на Zerkalo. Віну сваю Несьцерава прызнала, але папрасіла судзьдзю пакараць яе штрафам.

У Анастасіі Несьцеравай дыягнаставалі рак, які патрабуе хірургічнага ўмяшаньня. Акрамя гэтага, 73-гадовай маці Несьцеравай патрэбен догляд.

Але судзьдзя Максім Трусевіч ня ўзяў гэтага пад увагу і арыштаваў жанчыну на 15 сутак. Няглядзячы на цяжкую хваробу і тое, што ў ЦІПе Анастасія захварэла на цыстыт і вымушана па прызначэньні лекара піць антыбіётыкі, яна правядзе за кратамі агулам 25 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG