Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Борыс патрэбная мэдыцынская дапамога, Дзядка перавялі ў Магілёў


Мікола Дзядок, архіўнае фота, 2017 год
Мікола Дзядок, архіўнае фота, 2017 год

У Беларусі на 30 лістапада 891 чалавек меў статус палітвязьня.

У Анжалікі Борыс у СІЗА пагоршыўся стан здароўя, ёй патрэбна мэдыцынская дапамога


У старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс у жодзінскім СІЗА пагаршаецца стан здароўя.

Саюз палякаў у Беларусі паведаміў, што цяпер Борыс выглядае вельмі нездарова. Яна мае патрэбу ў тэрміновым аглядзе доктара з выкарыстаньнем ультрагукавога абсталяваньня. Таксама ёй трэба правесьці шэраг іншых дасьледаваньняў.

«З апісаньняў вонкавага выгляду Анжалікі Борыс відаць, што яна выглядае вельмі змучанай, у яе зямліста-жоўты колер скуры, што можа ўказваць на захворваньні печані. Таксама ў яе інтэнсіўна выпадаюць валасы», – паведамляюць у СПБ.

Вядома, што Борыс мае хваробы страўнікава-кішачнага тракту і печані.Анжаліку Борыс затрымалі ў Горадні 23 сакавіка. Яна праходзіць у справе аб «распальваньні рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК).

Анархіста Міколу Дзядка перавялі ў СІЗА ў Магілёў

Міколу Дзядка, асуджанага на 5 гадоў калёніі, перавялі ў магілёўскую турму.

33-гадовага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка перавялі ў сьледчую турму № 4 у Магілёве, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

10 лістапада палітвязьня асудзілі на пяць гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за «арганізацыю або ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), «заклікі нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (арт. 361 КК), «незаконныя дзеяньні з гаручымі рэчывамі» (арт. 295-3 КК).

Мікола не прызнаў віну ні па водным артыкуле.

Падчас апошняга слова Дзядок заявіў: «Ну а ўсім, хто мае дачыненьне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: ня майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленьне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»

Напісаць яму ліст можна па адрасе: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG