Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Борыс і Пачобуту працягнулі арышт на 3 месяцы, Васілевіч падзякаваў за ляўрэацтва


Палітзьняволеная Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. Архіўнае фота

Па стане на 26 лістапада 888 чалавек у Беларусі маюць статус палітычных вязьняў.

Ляўрэат «турэмнай» прэміі Аляксандар Васілевіч падзякаваў за віншаваньні

Палітвязень Аляксандар Васілевіч даслаў з-за кратаў паштоўку з выявай Францішка Скарыны, у якой падзякаваў за віншаваньні зь перамогай у творчым конкурсе «турэмнай літаратуры».

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з Радыё Свабода.

Аляксандар Васілевіч стаў ляўрэатам за кнігу «Тата і пінгвін». Гэта казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў менскім СІЗА №1.

Таксама палітвязень расказаў, як пачуваецца ў зьняволеньні.

«Працую над сабой: каб зусім не марнаваць час і рабіць нешта карыснае, вяду амаль здаровы кніжна-спартовы лад жыцьця», — цытуе яго праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аляксандар Васілевіч — бізнэсовец, сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў. Яго затрымалі 28 жніўня 2020 году, ад таго часу ён за кратамі. Пакуль Аляксандар Васілевіч утрымліваўся пад вартай, летась 2 сьнежня ў іх з жонкай Надзеяй Зелянковай нарадзілася дачка Уршуля.

Лідэрка польскай меншасьці Анжаліка Борыс застаецца за кратамі

Старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс працягнулі тэрмін знаходжаньнея пад вартай да 25 лютага 2022 году. Такое рашэньне ўхваліў Сьледчы камітэт Беларусі, паведамляе сайт Znadniemna.pl (выданьне Саюзу палякаў Беларусі).

У «справе палякаў» былі арыштаваныя журналіст Андрэй Пачобут, а таксама актывісты Саюзу палякаў зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь.

«Сьледчыя дагэтуль ня могуць перадаць крымінальную справу супраць палякаў у суд, што можа сьведчыць пра цяжкасьці са зборам доказаў віны арыштаваных ці зь неабходнасьцю зьмяненьня кваліфікацыі іхных учынкаў на такую, якую з пункту погляду сьледчых было б прасьцей даказаць», — зазначае партал znadniemna.pl.

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Борыс і Пачобута палітычнымі вязьнямі і дамагаецца іх вызваленьня, гэткую ж пазыцыю маюць улады Польшчы.

Журналісту Анджэю Пачобуту працягнулі арышт на тры месяцы

Як стала вядома «Белсату», тэрмін арышту Андрэю Пачобуту працягнулі да 25 лютага 2022-га. Гэтак жа, як і старшыні незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анжэліцы Борыс.

Журналіст і грамадзкі дзеяч ужо 8 месяцаў за кратамі праз так званую «справу палякаў». 25 сакавіка ў ягоную кватэру прыйшлі сілавікі, учынілі ператрус, а самога гаспадара затрымалі і даставілі ў менскае СІЗА № 1.

Андрэя Пачобута вінавацяць у «распальваньні рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК).

У пачатку чэрвеня трох зь пяці арыштаваных польскіх актывістаў гвалтоўна вывезьлі ў Польшчу. Вызваленьне ўзамен на дэпартацыю прапаноўвалі таксама Анжэліцы Борыс і Андрэю Пачобуту, аднак яны адмовіліся. Як і пісаць прашэньні аб памілаваньні.

Цяпер палітвязень знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА. Яму пагражае да 12 гадоў калёніі.

Анархістаў, якія судзяць «за тэрарызм», перавялі зь СІЗА КДБ на «Валадарку»

Суд над Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім, Сяргеем Раманавым і Дзьмітрыем Разановічам, якія больш за год правялі ў СІЗА КДБ, працягваецца з 15 лістапада ў закрытым рэжыме.

Маці Ігара Аліневіча, Валянціна паведаміла, што ўсіх фігурантаў справы «анарха-партызан» перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Анархістаў затрымалі ў ноч на 29 кастрычніка 2020 году недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць паводле шэрагу крымінальных артыкулаў:

  • ч. 2 арт. 289 КК – акт тэрарызму;
  • ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК – незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 333-1 КК– незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў (толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча).

Больш за год іх трымаюць у СІЗА КДБ, ім пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG