Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліць Анджэя Пачобута!». У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку палітвязьняволенага журналіста


Выява Пачобута на Палацы культуры і навукі
Выява Пачобута на Палацы культуры і навукі

На знак салідарнасьці з Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца за кратамі роўна 6 месяцаў, ягоны партрэт усю ноч будзе на самым высокім будынку Польшчы — Палацы культуры і навукі.

Арганізатар акцыі салідарнасьці з рэпрэсаванымі беларусамі — польскае буйное выданьне «Gazeta Wyborcza», для якога Анджэй Пачобут шмат гадоў працаваў у якасьці спэцыяльнага карэспандэнта ў Беларусі.

Удзельнічалі ў акцыі больш за 200 чалавек. З прамовамі выступілі галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік, адзін зь ягоных намесьнікаў і кіраўнік аддзелу «Край» Раман Імельскі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, Глеб Германаў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі.

На акцыі зачыталі ліст Сьвятланы Ціханоўскай да Анджэя Пачобута. Пасьля гэтага сьпявачка Наста Някрасава засьпявала «Муры».

«Мы ўсё абавязаны думаць пра тых, хто пакутуе. Пра такіх людзей, як Анджэй, як цудоўныя жанчыны зь Беларусі, як спадарыня Борыс — старшыня Саюза палякаў Беларусі, як гэтыя неймаверныя людзі, якіх садзяць у турмы, дыскрымінуюць і перасьледуюць. Усе яны — будучыня Беларусі, і яны перамогуць. — гаварыў падчас акцыі Адам Міхнік. — Існуе парадокс, на які я хацеў бы зьвярнуць увагу. За маёй сьпінай партрэт Анджэя Пачобута на Палацы культуры ім. Ёсіфа Сталіна. Ён быў створаны ў гонар Сталіна, але перамога дэмакратычнага і гуманістычнага мысьленьня заключаецца ў тым, што сёньня Пачобут больш асацыюецца з гэтым палацам, чым Сталін — забойца народаў».

25 верасьня таксама пачалася акцыя, арганізаваная польскім Фондам «Гранд Прэс», у рамках зьявяцца 300 спэцыяльных банэраў з партрэтам Анджэя Пачобута ў 27 польскіх гарадах.

  • 48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
  • Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму». Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў вывезьлі ў Польшчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG