Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі слоўнік Merriam-Webster назваў словам году «вакцыну»


Амэрыканскі слоўнік Merriam-Webster выбраў ангельскім словам 2021 году vaccine (вакцына), гаворыцца ў паведамленьні на сайце слоўніка.

«У паўсядзённым ужываньні словы зьяўляюцца карыснымі інструмэнтамі, празь якія агучваюцца выказваньні, ідэі, памкненьні і нявызначанасьць. Але яны таксама могуць быць рухавікамі ідэалягічнага канфлікту. Менавіта так адбылося з «вакцынай» у 2021 годзе. Пэрспэктыўнае мэдычнае рашэньне пандэміі, якая перавярнула наша жыцьцё ў 2020 годзе, стала таксама палітычным аргумэнтам і крыніцай падзелу», – гаворыцца ў заяве.

Паводле Merriam-Webster, колькасьць запытаў на слова vaccine сёлета вырасла на 601% у параўнаньні з папярэднім годам і на 1048% у параўнаньні з 2019-м.

«Цікавасьць да гэтага слова была высокая з пачатку пандэміі COVID-19, абмяркоўваліся фінансаваньне, распрацоўка, выпрабаваньні і распаўсюджваньне вакцын», – гаворыцца ў паведамленьні.

Летась Merriam-Webster назваў словам году «пандэмію».

Радыё Свабода штогод таксама абірае беларускае слова году на падставе галасаваньня наведнікаў сацсетак. Сёлета таксама ў сацсетках удзельнікі прапаноўваюць для народнага галасаваньня свае словы, можна далучацца да абмеркаваньня.

Даведка пра „Слова году“

„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.

„Беларускія словы году“

Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як журналісты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.

„Беларускімі словамі году“ былі:

2014 — вышымайка, вышыванка
2015 — набэлістка
2016 — беларусафоб
2017 — дармаед
2018 — БНР
2019 — Каліноўскі
2020 — Жыве!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG