Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адлічана з ВНУ праз палітыку, ляўрэатка міжнароднай прэміі. 10 фактаў пра праваабаронцу Марфу Рабкову, якой пагражае да 20 гадоў за кратамі


Марфа Рабкова
Марфа Рабкова

Праваабаронца Марфа Рабкова ўжо 14 месяцаў за кратамі. За гэты час ёй некалькі разоў мянялі абвінавачаньне.

Курыравала валянтэрскую службу

Марфе (Марыі) Рабковай 26 гадоў, зь верасьня мінулага году яна за кратамі. З 2019 году была валянтэркаю «Вясны», але валянтэрствам, па словах калегаў, пачала займацца значна раней. Галоўнай дзейнасьцю Марфы Рабковай у «Вясьне» было курыраваньне валянтэрскай службы. Таксама яна ўдзельнічала ў назіраньні за мірнымі сходамі.

Пасьля выбараў 2020 году Марфа таксама зьбірала сьведчаньні пра катаваньні і гвалт у адносінах да грамадзянаў.

Адлічана з ВНУ праз актывізм

У 2012 годзе Марфа Рабкова паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на спэцыяльнасьць «Біялёгія і геаграфія», але ў 2016 годзе адміністрацыя ВНУ націснула на яе, каб забрала дакумэнты. Гэта было зьвязана з акцыяй каля ўнівэрсытэту падчас выбараў 2015 году, калі Марфу затрымалі. У 2017 годзе Марфа паспрабавала аднавіцца на такой жа спэцыяльнасьці ў Магілёўскім унівэрсытэце імя Куляшова, але і там сутыкнулася зь перашкодамі з боку адміністрацыі.

У 2017 годзе Марфа паступіла вучыцца ў ЭГУ на спэцыяльнасьць «Міжнароднае права і ЭЗ».

Падумала, што ліст ад Васкрасенскага — фэйк

Улетку Марфе Рабковай прыйшоў ліст ад Юрыя Васкрасенскага, але яна на яго не адказала. У камэры, дзе знаходзіцца Марфа Рабкова, 8 чалавек, 7 палітычных, ліст з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні прыйшоў усім сямі.

Дзяўчаты проста ня ведалі, хто гэта такі, кажа муж Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі. Дзяўчаты падумалі, што гэта нейкі фэйк, бо ў лісьце прапаноўвалася прызнаць віну і раскаяцца.

У турме перахварэла на каранавірус, патрэбная дапамога дантыста

Зь лета Марфа Рабкова некалькі разоў траціла прытомнасьць за кратамі, у жніўні перанесла каранавірус. Таксама ёй патрэбная стаматалягічная дапамога, але ў турме няма доктара, які б мог ёй дапамагчы, а з волі чалавека да яе не дапускаюць.

Пакуль была за кратамі, страціла бабулю і бацьку

У лютым гэтага году бацька Марфы Рабковай памёр пасьля анкалягічнай хваробы, на пахаваньне яе не адпусьцілі. Таксама ад каранавірусу памерла бабуля Марфы, і таксама дзяўчыну не адпусьцілі на пахаваньне.

Ляўрэатка міжнароднай прэміі

Сёлета Марфе Рабковай прысудзілі міжнародную прэмію «Чалавек чалавеку». Гэта прэмія ў галіне правоў чалавека, якую заснавала ў 1994 годзе чэская няўрадавая арганізацыя «Чалавек у бядзе». Прэмію ўручаюць асобам, якія зрабілі ўнёсак у прасоўваньне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных мэтадаў вырашэньня грамадзка-палітычных канфліктаў.

Адмаўляецца даваць паказаньні

Па зьвестках родных, усе 14 месяцаў зьняволеньня Марфа Рабкова адмаўляецца даваць паказаньні.

11 артыкулаў абвінавачаньня

Адразу пасьля затрыманьня на Марфу Рабкову завялі крымінальную справу аб «навучаньні або іншай падрыхтоўцы асоб да масавых беспарадкаў». У лютым сёлета супраць яе распачалі крымінальную справу аб удзеле ў злачыннай арганізацыі (частка 2 артыкула 285 КК) і распальваньні варожасьці ў дачыненьні да іншай сацыяльнай групы, учыненае групай асобаў (частка 3 артыкула 130).

У апошнім лісьце Марфа Рабкова паведаміла сваякам, што ёй прад’явілі канчатковыя абвінавачаньні — гэта 11 крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

У чым абвінавачваюць Марфу Рабкову:

  • Арганізацыя масавых беспарадкаў. Падрыхтоўка і наўмыснае стварэньне ўмоў да ўдзелу ў масавых беспарадках. Навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці
  • Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак
  • Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт
  • Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня
  • Кіраваньне злачыннай арганізацыяй
  • Распальваньне сацыяльнай варожасьці групай асобаў
  • Злоснае хуліганства
  • Асабліва злоснае хуліганства
  • Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці
  • Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці, учыненае арганізаванай групай
  • Незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, учыненае групай асобаў

Абвінавацілі ў падпале падатковай у 2017 годзе

Марфу Рабкову абвінавацілі ў арганізацыі падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў сакавіку 2017 году.

Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, яны атрымалі «неабвержныя доказы» аб датычнасьці да гэтай арганізацыі чатырох удзельнікаў «масавых беспарадкаў» у Менску.

Суд, найхутчэй, будзе закрыты

У апошнім лісьце да сваякоў Рабкова напісала, што на яе вешаюць «вісякі» — на жаргоне праваахоўнікаў гэта злачынствы, якія даўно не ўдаецца раскрыць. З усіх удзельнікаў будучага працэсу ўзялі падпіскі аб неразгалошваньні, таму суд, на думку Марфы, будзе закрыты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG