Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапрашыць мозг. Беларусы стварылі трэнэр па настроі Moodmate, які дапамагае перажыць цяжкія часы


Магчымасьці смарфонаў. Ілюстрацыйнае фота
Магчымасьці смарфонаў. Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі са стваральнікам трэнэра па настроі Moodmate Яўгенам Клішэвічам пра тое, як дзякуючы сэрвісу палепшыць самаадчуваньне.

«Дапамагчы беларусам перажыць гэты час»

Moodmate – гэта сэрвіс, які з дапамогай штодзённай прапрацоўкі розных сытуацый абяцае палепшыць псыхалягічны стан чалавека. Цяпер ён працуе яшчэ і ў Facebook, ёсьць і мабільны дадатак.

Яўген Клішэвіч расказвае, што ідэя стварыць Moodmate зьявілася восеньню 2020-га, калі ён экспэрымэнтаваў з рознымі напрамкамі, якія хоча разьвіваць.

Яўген Клішэвіч
Яўген Клішэвіч

«Гэта былі адукацыйныя праекты, якія павінны былі людзям у лёгкай форме дапамагаць нешта даведвацца і зьмяняць мадэлі паводзінаў. Фактычна ідэя нарадзілася ўвосень 2020-га, калі тое, што адбывалася ў краіне, так моцна нас усіх уразіла. Стала ясна, што нашы напрацоўкі можна накіраваць на карысьць, дапамагчы беларусам у псыхалягічным пляне перажыць гэты час», – кажа ён.

Першапачаткова Moodmate стварылі ў тэлеграме, бо каманда ўжо мела досьвед працы зь ім.

«Тэлеграм для пачатковых ініцыятываў – добрая плятформа. Там можна хутка запускаць і тэставаць нейкія рэчы, як мінімум таму, што ня трэба распрацоўваць інтэрфэйс, рабіць дызайн сайта ці дадатку, бо там ужо ўсё ёсьць».

Moodmate паляпшае настрой, карэктуючы дэструктыўныя патэрны паводзінаў, якія псуюць самаадчуваньне, тлумачыць Яўген. Трэніроўка адбываецца з дапамогай тэкставых, віртуальных сытуацый, дзе карыстальнік фактычна «перапрашывае» свой мозг, навучаючыся пэўным чынам рэагаваць на розныя падзеі ў сваім жыцьці, працягвае ён.

Скрыншоты з бота Moodmate
Скрыншоты з бота Moodmate

«Тое, як мы рэагуем, і ўплывае на наш настрой. То бок чалавек ішоў па дарозе, і яго абліла вадой машына. Можна адрэагаваць кшталту – «ну крута«, а можна – «усё, у мяне дзень сапсаваны, жыцьцё сапсаванае«. Ад таго, як мы рэагуем, залежыць, як мы сябе адчуваем. Ва ўсіх нас ёсьць нейкія аўтаматычныя рэакцыі, і часта яны неаптымальныя».

У нас таксама шмат дэструктыўных рэакцый на нейкія падзеі, якія яшчэ больш узмацняюцца, кажа Яўген. Напрыклад, нешта адбылося, мы пазлаваліся, потым яшчэ больш злуемся, і гэта прыводзіць да таго, што людзі на пустым месцы могуць сябе моцна засмучаць.

«Шмат нашых заданьняў выглядаюць даволі простымі. Часта людзі кажуць: «Я ж разумею, што так трэба рэагаваць, гэта лягічна, проста, але ж у жыцьці так не рэагую». Вось таму нашыя заданьні створаныя, каб людзі ня проста ведалі, а пачыналі дзейнічаць у жыцьці аўтаматычна, бо мозгу ўсё роўна, рэальная гэта сытуацыя ці віртуальная. Калі чалавек рэгулярна займаецца ў Moodmate, у яго выпрацоўваецца такая зваротная рэакцыя, што ў пэўных сытуацыях, калі ідзе нешта ня так, ён ведае, як рэагаваць. Нямала карыстальнікаў апавядаюць, як яны траплялі ў нейкія сытуацыі і рабілі там усё правільна, і кажуць: «Я ж згадаў, што трэба так рабіць, бо трэніраваў такую сытуацыю ў Moodmate».

Скрыншот з бота Moodmate
Скрыншот з бота Moodmate

«Вэрхал у сьвеце будзе толькі нарастаць, таму трэба быць падрыхтаваным»

Сытуацый у сэрвісе ўжо больш за 1000, і рэгулярна дадаюцца новыя.

«Яны вельмі разнаплянавыя. Напрыклад, на вас незаслужана накрычаў начальнік, або вас машына абліла вадой, або вы прыйшлі на сустрэчу зь сябрам, а ён так і не зьявіўся. Вы прапрацоўваеце сытуацыі ў адносінах зь людзьмі і з сабою, самыя розныя сфэры жыцьця, дзе людзям патрэбная падтрымка. Вельмі шмат фідбэку ад карыстальнікаў, што ў людзей проста расплюшчваюцца вочы. Мы нават часта не разумеем, чаму і як мы штосьці робім ва ўзаемадзеяньні з роднымі, сябрамі, на працы. І калі гэта прааналізаваць, можна палепшыць свой стан, самаадчуваньне».

Здараецца, людзі пішуць Яўгену, што пасьля прапрацоўкі сытуацыі, наадварот, засмучаюцца.

«Мы кажам, што мы паляпшаем настрой, але мы ж не каталёг анэкдотаў і мэмасікаў. Мы не абяцаем палепшыць настрой наўпрост у моманце, хоць шмат хто кажа, што, карыстаючыся Moodmate, адчувае падтрымку, цеплыню, клопат пра сябе. Мы дапаможам палепшыць настрой у сярэдне- і доўгатэрміновай пэрспэктыве».

Заняткі з трэнэрам па настроі Яўген параўноўвае са спортам.

«Ну нельга за адзін занятак узяць і стаць падцягнутым. Гэта ўсё працэс, калі ты займаесься, прыходзіш у форму, і, больш за тое, гэтую форму падтрымліваеш. Бо нельга так: падкачаўся, пабегаў – і ўсё, да канца жыцьця можна нічога не рабіць. Фізычная актыўнасьць – гэта актыўнасьць праз усё жыцьцё, і мы трансьлюем, што пра сваё мэнтальнае здароўе трэба турбавацца пастаянна, настрою трэба аддаваць увагу. Мы ня хочам, каб чалавек прыйшоў і займаўся гадзіну, а каб ён прыходзіў і займаўся рэгулярна, кожны дзень пару хвілінак».

Так малымі крокамі чалавек трэніруецца паляпшаць свой настрой і самаадчуваньне.

«Увогуле, гэта гарантуе вытрымку. Калі чалавек натрэніраваны быць у добрым настроі, у тонусе, гэта дае чалавеку рэзэрвы, каб спраўляцца і ўратаваць сябе ад таго, што адбываецца ў гэты няпросты час. Бо цяпер і палітычна няпросты час, і эпідэміялягічна, і эканамічна. Уменьне быць у ладзе з сабою чым далей, тым болей будзе актуальным, бо такое адчуваньне, што гэты вэрхал у сьвеце будзе толькі нарастаць, таму трэба быць падрыхтаваным і свой настрой таксама рыхтаваць да гэтага».

«Мы не надзяём белы халацік і ня кажам: Мы цябе вылечым»

Яўген кажа, што ў Беларусі і сьвеце цяпер ёсьць пазытыўны трэнд на тое, каб працаваць са сваім псыхалягічным здароўем, зьвяртацца да спэцыялістаў, але ён не такі масавы.

«Усё яшчэ застаецца шмат людзей, якія не гатовыя інвэставаць у гэта свае сродкі, хоць цяпер можна знайсьці псыхоляга пад розныя магчымасьці. І ў гэтым пляне ў Moodmate ёсьць пэўны плюс, што калі мы камунікуем з карыстальнікамі, мы не надзяём белы халацік і ня кажам: «Мы цябе вылечым». Мы не выглядаем, як псыхоляг, хоць усё, што ў нас ёсьць, навукова падмацавана спэцыялістамі зь вялікім досьведам, практыкамі кагнітыўных паводзінаў і тэрапіі. Але яно загорнутае ў такую форму, што нават людзі, у якіх ёсьць пэўныя стэрэатыпы і якія баяцца зьвярнуцца да псыхоляга, не распазнаюць тут, чаго [як ім падаецца. – РС] трэба пазьбягаць. Таму ў Moodmate значна шырэйшая аўдыторыя, якой можна дапамагчы».

Разам зь Яўгенам над Moodmate працавалі псыхоляг і коўч Вольга Турцэвіч і распрацоўшчык Google Ян Бабіцкі. Цяпер у камандзе больш за 20 чалавек. Карыстаюцца трэнэрам па настроі цяпер больш за 50 000 чалавек з 40 краін сьвету.

«Па ўзросьце ў нас вельмі розная аўдыторыя. У нас ёсьць маладыя 18–22 гады, ёсьць і больш за 60, і такіх нямала, бо форма, у якой Moodmate камунікуе, падабаецца даросламу пакаленьню».

Каб разумець, як разьвіваць і паляпшаць сэрвіс, Яўген камунікуе наўпрост з карыстальнікамі. Цяпер, прызнаецца хлопец, у яго больш за 500 чатаў з водгукамі, гісторыямі, парадамі і прэтэнзіямі.

«Нехта напісаў, што даведаўся пра Moodmate ад калегі, якая агітавала ўвесь калектыў, каб пачалі карыстацца. Нядаўна напісаў хлапец, падзякаваў за сэрвіс, яму 12 ці 14 гадоў, і ён даведаўся пра яго зь сямейнага чаціку. Ёсьць яшчэ прыклады, калі псыхолягі пісалі, што даўно практыкуюць самі і сваім кліентам рэкамэндуюць. Былі часта выпадкі, калі людзі пісалі, што нешта адбывалася дрэннае, і ў месцы, дзе яны спатыкаліся, зрабілі ўсё інакш – і праблема вырашылася. Некаторыя пэрыядычна дзякуюць, кажуць, што карыстаюцца Moodmate больш за 10 месяцаў».

Moodmate можна карыстацца безь перапынку, бо заданьні і сытуацыі ня будуць паўтарацца.

«Мы хочам, каб людзі карысталіся год і болей. Цяпер мы працуем над тым, каб зрабіць яго больш пэрсаналізаваным для розных груп людзей, калі ня важна, чым чалавек займаецца, ён журналіст, прадпрымальнік, маці, якая дзетак выхоўвае, ці пэнсіянэр, – у кожнага свае пытаньні, выпрабаваньні, сытуацыі. Мы хочам стварыць кантэнт пад гэтыя групы, каб кожны мог знаходзіць сытуацыі, падабраныя пад іх. І такім чынам нават яшчэ больш павялічыць карысьць і ўцягнутасьць у трэніроўкі. Каб людзі разумелі, што – так, гэта дакладна для мяне і пра мяне».

Таксама ў Яўгена ёсьць ідэя перакласьці Moodmate на іншыя мовы. Цяпер сэрвіс існуе на расейскай і ангельскай.

«Калі казаць пра беларускую, то, магчыма, калісьці і зьявіцца. Гэта эканамічна абсалютна неапраўдана. Гэта хутчэй пытаньне, інвэстыцыя ў краіну, калі ты гэта робіш, каб дадаць большай вартасьці, каб людзей прыцягнуць, проста таму, што гэта патрэбна і так павінна быць. Але пакуль мы для гэтага замалыя. Калі ў нас будзе больш рэсурсаў, мы зможам перакладаць і на беларускую, і на ўкраінскую мовы, і на іншыя».

Мэханіка трэнэра па настроі можа быць выкарыстаная і ў праграмах, арыентаваных на розныя аспэкты фізычнага здароўя. Але бліжэйшым часам каманда зьбіраецца факусавацца на здароўі мэнтальным.

«Мы плянуем запускаць новыя плятформы. Вось у нас ёсьць тэлеграм, Facebook, дадаткі для мабільнікаў. І далей мы хочам выпусьціць вэб-вэрсію, Imessage, Twitter, Viber, паэкспэрымэнтаваць. Увогуле ў нас шмат ідэй, як можна паляпшаць мэханіку, узаемадзеяньне ўнутры Moodmate, каб людзі даўжэй выкарыстоўвалі трэнэра і атрымлівалі большую карысьць у пляне паляпшэньня здароўя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG