Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі прапанаваў прыватызацыйную праграму: 1 стратнае прадпрыемства за 1 базавую велічыню


Палата прадстаўнікоў.

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Аляксандар Субоцін расказаў, якім чынам можа быць вырашаная праблема стратных прадпрыемстваў.

«Мы бачым, што ў многіх прадпрыемстваў вялізная даўгавая нагрузка, назапашаная за 5, а то і за 10 гадоў. А інвэстар калі прыходзіць, разважае так: навошта я буду браць даўгі? Дайце мне зямлю, я тут штосьці карыснае збудую. Таму каб запусьціць новы інвэстыцыйны цыкль, разглядаюцца розныя прапановы.

Напрыклад, крыху „зрушыць даўгі“ па часе, каб інвэстару было больш камфортна. Іншы варыянт — прадаць прадпрыемства за 1 базавую велічыню з умовай пагашэньня даўгоў. Нарэшце, нават у выпадку атрыманьня палёгкі захаваньне профільнай вытворчасьці і сацыяльнага пакету для работнікаў мінімум на 5 гадоў», — заявіў намесьнік старшыні ўраду.

1 базавая велічыня складае 29 рублёў.

Таксама ён расказаў, як праз дывэрсыфікацыю паставак Беларусь зьбіраецца абыходзіць заходнія санкцыі. Асабліва што тычыцца харчовага экспарту.

«Сьвет не замыкаецца на адным Захадзе. Ёсьць Усход, ісламскі сьвет, Кітай. Ёсьць нашы браты ў Расеі, іншыя краіны СНД, а таксама Афрыка, Паўднёвая Амэрыка. Мы ў любым выпадку ідзём на ўсе рынкі, а гандляваць будзем там, дзе выгадна. Як паказвае практыка, харчаваньне і мэдыцына ніколі не падпадалі пад санкцыі. Думаю, усё ж застаецца здаровы сэнс такія рэчы не чапаць», — адзначыў Аляксандар Субоцін падчас сумеснага пасяджэньня Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі.


Віцэ-прэм’ер заявіў, што прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу правялі «калясальную працу» дзеля пашырэньня геаграфіі гандлёвых паставак — цяпер беларускую прадукцыю набываюць 104 краіны сьвету.

Цяпер у Беларусі існуюць тры асноўныя спосабы адчужэньня дзяржаўнай маёмасьці: аўкцыён, конкурс і наўпроставы продаж па ўзгадненьні з кіраўніком краіны.

  • Аўкцыён часьцей за ўсё выкарыстоўваецца пры рэалізацыі невялікіх пакетаў акцый у прадпрыемствах – да 25%.
  • Конкурсная форма прыватызацыі прадугледжвае адбор інвэстыцыйных заявак ня толькі з продажам акцый, а і з улікам прапановаў патэнцыйнага пакупніка на далейшае разьвіцьцё прадпрыемства.
  • Самай супярэчлівай формай рэалізацыі дзяржаўнай уласнасьці застаецца продаж без правядзеньня аўкцыёну па ўзгадненьню з кіраўніком дзяржавы. Такі спосаб часта зьяўляецца непразрыстым з-за адсутнасьці патэнцыйнай магчымасьці ўдзелу ў пагадненьні іншых інвэстараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG