Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца зь беларускай эканомікай. Адказвае эканаміст Зьміцер Крук


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук адказвае на пытаньне, ці пачалі ўлады друкаваць грошы, расказвае, дзе і за якую цану Менск можа ўзяць новыя крэдыты, і тлумачыць, чаму прыватызацыя зараз ня можа прынесьці хуткага і значнага посьпеху


Сьцісла:

  • Дзяржпрадпрыемствы па-ранейшаму ў глыбокай яме, патрабуюць усё больш рэсурсаў
  • Рынкавы кошт топ-20 беларускіх гігантаў сёньня не перавышае 5 мільярдаў даляраў
  • Я амаль упэўнены, што ўсе новыя крэдыты, якія возьме беларуская ўлада, будуць даражэйшыя, чым раней.
  • Падушка бясьпекі, якая была створаная за некалькі мінулых гадоў, за 2021-ы будзе выкарыстаная амаль уся.

— Апошнімі днямі гучаць меркаваньні, што ўлады ўжо фактычна прынялі рашэньне пайсьці на дадатковую грашовую эмісію, то бок пачаць друкаваць грошы. Ці ёсьць у вас зьвесткі пра гэта, ці ёсьць нейкія прыкметы, што працэс друкаваньня грошай ужо пачаўся?

— Ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю пра грашовую эмісію пакуль не магу. Пакуль ня будзе афіцыйных дадзеных за новы пэрыяд — ніхто гэтага дакладна ня скажа.

Але дыму без агню, найхутчэй, не бывае. За апошнія месяцы мы назіраем хранічнае пагаршэньне фінансаў дзяржаўных прадпрыемстваў. І ідэя, што іх трэба падтрымаць зь дзяржаўнага бюджэту, пануе ў пэўных калідорах улады недзе з красавіка мінулага году. Але большую частку 2020-га знайсьці спосабы вырашыць гэтую праблему было магчыма іншымі інструмэнтамі, без друкаваньня новых грошай. Часткова за кошт рэзэрваў, назапашаных за мінулыя гады, часткова за кошт рэсурсаў банкаў.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

А на пачатку гэтага году склалася ўжо іншая сытуацыя. Дзяржпрадпрыемствы па-ранейшаму ў глыбокай яме, патрабуюць усё больш рэсурсаў, а выкарыстоўваць тыя старыя мэтады, што я пералічваў, ужо немагчыма. Таму я бачу ўзмацненьне ціску на Нацбанк, з патрабаваньнем зьмякчыць манэтарную палітыку. Пакуль, калі я аналізую статыстыку, я ня маю падставы казаць, што Нацбанк здаўся і пачаў друкаваць грошы.

— Але з вашага аналізу (і меркаваньняў іншых незалежных эканамістаў) вынікае, што ў эканамічных уладаў і выхаду ніякага іншага няма? Акрамя таго, каб друкаваць грошы ці браць новыя даўгі. Бо іначай што? Зьмяншаць заробкі і пэнсіі? Ня самая спрыяльная сацыяльная і палітычная сытуацыя для гэтага.

— Сапраўды, трэба разумець, што добрых, цудоўных мэханізмаў вырашэньня праблемы зараз няма. Калі працягваць падтрымліваць усе дзяржаўныя прадпрыемствы, выплачваць там усе заробкі, не скарачаць людзей — тады застаецца толькі тое, што вы сказалі: друкаваць грошы ці браць новыя пазыкі.

Нацбанк кажа, што трэба глядзець на кожнае прадпрыемства і займацца абмежаваньнем выдаткаў. Таксама Нацбанк цісьне на банкі, каб тыя менш грошай выдавалі на хатнія гаспадаркі і больш на карпаратыўны сэктар. То бок хоча зьняць цяжар зь сябе і перакласьці на камэрцыйныя і дзяржаўныя банкі.

— Ёсьць яшчэ адзін варыянт, які выкарыстоўваюць многія дзяржавы ў крытычныя моманты, — гэта прыватызацыя. Скінуць стратныя прадпрыемствы зь дзяржаўнай дапамогі, каб новыя прыватныя ўласьнікі, якія асьмеляцца іх купіць, несьлі гэты цяжар самі. Але мы разумеем, што такі варыянт немагчымы ў Беларусі з палітычных прычын — Лукашэнка пра гэта неаднаразова казаў.

— Так, найпершая прычына — палітычная, гэта канцэптуальны чыньнік, чаму прыватызацыя на дадзены момант немагчымая. Але нават калі пра яго на хвілінку забыцца, то застаюцца яшчэ два тэхнічныя моманты.

Па-першае, гэта ня робіцца хутка, у самых удалых выпадках — гэта паўгода. Другое — паводле ацэнак, рынкавы кошт топ-20 беларускіх гігантаў сёньня не перавышае 5 мільярдаў даляраў. Гэта вельмі мала, гэтая велічыня несупастаўная з тым, каб страціць кантроль над дзяржаўным сэктарам. То бок прыватызацыя ня можа забясьпечыць закрываньне дзірак хаця б на некалькі гадоў.

— Іншы варыянт — браць новыя даўгі. Як паведаміў Павал Латушка, Менск вырашыў разьмясьціць дзяржаўныя аблігацыі на Маскоўскай біржы (бо на заходніх біржах з палітычных прычын ніхто іх купляць зараз ня будзе). Латушка папярэдзіў патэнцыйных пакупнікоў, што будучая беларуская дэмакратычная ўлада не прызнае гэтыя даўгі, якія зьявяцца пасьля жніўня 2020 году.

— Калі паглядзець у закон аб бюджэце, можна зрабіць выснову, што дзяржава не настолькі разьлічвае на новыя пазыкі ў параўнаньні зь мінулым годам. Той мільярд, які ўжо атрымалі ад Расеі, і абяцаныя 500 мільёнаў, якія яшчэ дадуць, — разглядаюцца як тое, што забясьпечыць збалянсаванасьць плацяжоў па зьнешнім доўгу на гэты год. Зь бюджэтнага пляну вынікае, што трэба яшчэ 500 мільёнаў — гэта ня так шмат.

Галоўная праблема — што на добрых рынкавых умовах здабыць такія грошы будзе амаль немагчыма. Па-другое, дадатковыя 500 мільёнаў — гэта самая мінімальная патрэба. На фоне дэфіцыту бюджэту дадатковыя зьнешнія пазыкі былі б вельмі патрэбныя ўладзе. Дзе іх знайсьці? Узьнікае ідэя пра расейскі рынак. Ці адаб’юцца на расейскім рынку аблігацыяў палітычныя рызыкі? Думаю, так, але ў меншым аб’ёме. Грошы можна будзе пазычыць, але пад вельмі вялікія працэнты.

Я амаль упэўнены, што ўсе новыя крэдыты, якія возьме беларуская ўлада, будуць даражэйшыя, чым раней. Што яны палічаць меншым злом (браць пад высокія працэнты ці пацярпець), мне сказаць цяжка.

— Мне падаецца, калі прыпякае, то ўсе аргумэнты пра мэтазгоднасьць адхіляюцца, будуць браць пад любыя працэнты, паводле прынцыпу «пасьля нас хоць патоп».

— Магчыма. Неэканамічныя меркаваньні тут сапраўды будуць на першым месцы. Але ня выключана, што выберуць і варыянт 2020 году — пакрысе адусюль скарачаць, не пераступаць фінансавыя чырвоныя лініі ў нейкім адным кірунку.

— Вы сказалі, што на гэты год бюджэт заплянаваны з дэфіцытам. У якіх сфэрах адбудуцца найбольш прыкметныя скарачэньні выдаткаў, дзе будуць абразаць?

— Можам бачыць, што скарачаецца ў асноўным кірунак інвэстыцыйных, капітальных расходаў, розныя галіновыя праграмы. Бюджэт не прадугледжвае радыкальнага скарачэньня выдаткаў, улада хоча скарыстаць усе назапашаныя раней рэзэрвы, каб пазьбегнуць радыкальнага скарачэньня расходаў.

На 2021 год асноўная крыніца фінансаваньня гэтага дэфіцыту — тыя рэзэрвы, якія былі назапашаныя з прафіцытаў мінулых гадоў. Яны будуць выкарыстаныя амаль пад нуль. Гэта тая падушка бясьпекі, якая была створаная за некалькі мінулых гадоў. За гэты год яна будзе выкарыстаная амаль уся.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG