Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр сьпявак і кампазытар Аляксандар Градзкі. У маладосьці ён працаваў у Беларусі


Аляксандар Градзкі

У Маскве на 73-м годзе жыцьця памёр сьпявак і кампазытар Аляксандар Градзкі, піша Interfax. ru. Некаторы час ён працаваў у Беларусі.

26 лістапада артыста даставілі ў шпіталь з падазрэньнем на інсульт. Цягам двух дзён ён знаходзіўся ў цяжкім стане ў рэанімацыі. Перад шпіталізацыяй у яго рэзка пагоршылася здароўе празь перанесены раней каранавірус.

Аляксандар Градзкі нарадзіўся 3 лістапада 1949 году ў Чалябінскай вобласьці Расеі. Скончыў факультэт акадэмічных сьпеваў акадэміі музыкі імя Гнесіных, навучаўся ў Маскоўскай кансэрваторыі.

Градзкага лічаць адным з заснавальнікаў рускага року. У 1965 годзе ён стварыў адзін зь першых рок-гуртоў у СССР — «Славяне», а праз год — гурт «Скамарохі», які прынёс яму папулярнасьць.

Пазьней у аўтарскай радыёпраграме «Хіт-парад Аляксандра Градзкага» сьпявак упершыню пазнаёміў шырокую аўдыторыю з творчасьцю Юрыя Шаўчука, Віктара Цоя, Аляксандра Башлачова і многіх іншых расейскіх рок-сьпевакоў. Таксама ён удзельнічаў у арганізацыі шэрагу савецкіх рок-фэстываляў — у прыватнасьці «Рок-панарамы».

У 1970-х Градзкі пачаў пісаць музыку для кіно. Яго першай такой працай стаў удзел у фільме Андрона Канчалоўскага «Раманс аб закаханых». Пазьней ён стаў аўтарам музыкі больш як да 30 мастацкіх, дакумэнтальных і мультыплікацыйных фільмаў.

У многіх зь іх ён таксама выконваў песьні і вакалізы: голас Градзкага, у прыватнасьці, гучыць у фільме Мікіты Міхалкова «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» і ў мультфільме Яфіма Гамбурга «Блакітнае шчаня».

У 1976 годзе Градзкі запісаў кампазыцыю Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава «Якія маладыя мы былі», якая становіцца ляўрэатам фэстывалю «Песьня-77», а Градзкі набывае папулярнасьць у маштабе ўсёй краіны.

Усяго ў ягонай дыскаграфіі — больш за трыццаць запісаных кружэлак. Адной з самых вядомых стала рок-опэра «Стадыён» з удзелам Алы Пугачовай, Іосіфа Кабзона, Андрэя Міронава, Андрэя Макарэвіча і іншых зорак расейскай эстрады і кіно.

Зь 2012 году Градзкі быў адным з настаўнікаў у папулярным тэлепраекце для маладых талентаў «Голас». У 2014 годзе адкрыў у Маскве ўласны музычны тэатар, трупа якога складаецца, у асноўным, з удзельнікаў «Голасу».

Градзкі і Беларусь

Як напісаў журналіст і прадзюсар Сяргей Будкін у сваім Facebook, адзін з самых прыгожых і недаацэненых твораў Аляксандра Градзкага з альбому-сюіты на тэмы народных песень «На Івана Купалу», запісаны ў 1978 годзе.

Матэрыял для гэтага альбому музыка зьбіраў падчас экспэдыцыі па Бранскай вобласьці, дзе яшчэ захавалася памяць пра беларускія сьпевы.

«Ня вельмі вядомы яшчэ такі факт — Аляксандар Градзкі ў пэўны момант працаваў у Гомельскай абласной філярмоніі ад моманту яе заснаваньня ў 1967-м, у складзе ВІА «Сувэнір»... Ён меў голас, які ня зблытаеш ні з кім», — напісаў Сяргей Будкін.

Калектыў «Весёлые ребята», у якім граў Градзкі расфармавалі ў 1971 годзе, бо палічылі «надта празаходнім».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG