Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібане турагенцтвам забаранілі прадаваць туры ў Беларусь


Раней «Белавія» адмовілася перавозіць з Турэччыны і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусь грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Дубаю.

Міністар турызму Лібану Валід Насар забараніў турагенцтвам краіны разьвіваць Беларусь як турыстычны напрамак, паведаміла лібанская радыёвяшчальная карпарацыя LBCI.

Рашэньне прынялі ў сувязі зь мігранцкім крызісам на беларуска-польскай мяжы, падкрэсьліў чыноўнік. Некаторыя жыхары блізкаўсходніх і афрыканскіх краін прыяжджаюць у Лібан, каб потым паляцець у Беларусь, а адтуль трапіць у Эўразьвяз. Уцекачы набываюць турыстычныя пуцёўкі з вылетам рэйсамі «Белавія» ў Беларусь зь міжнароднага аэрапорту Бэйрута.

Улады Лібану ўсьлед за іншымі краінамі ўвялі абмежаваньні на палёты ў Менск. На борт самалётаў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, акрамя беларусаў, дапускаюцца толькі грамадзяне Лібану з адпаведнай візай, а таксама іншаземцы з дазволам на працяглае знаходжаньне ў Беларусі.

«Цяпер той, у каго няма віду на жыхарства, ня зможа паляцець у Беларусь», — падкрэсьліў міністар замежных спраў краіны Абдала Бу Хабіб. Пры гэтым, зазначыў чыноўнік, «ніякіх абмежаваньняў на рэйсы няма».

Раней перавозку грамадзян з Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах, якія едуць з Турэччыны ў Беларусь, спыніла беларуская кампанія «Белавія». Аб аналягічным рашэньні паведаміла Turkish Airlines і яшчэ некалькі кампаній, у тым ліку «Ірацкія авіялініі». Таксама ўсе рэйсы ў Беларусь адмяніла сырыйская авіякампанія Cham Wings Airlines, часовую забарону на транзыт грамадзян шэрагу краін увёў Узбэкістан.

Авіякампанія «Белавія» прыпыніла перавозку грамадзян Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі са сталіцы Ўзбэкістану. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кампаніі:

«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Узбэкістану з 17.11.2021 грамадзяне Афганістану, Іраку, Емэну, Лібану, Лібіі і Сырыі ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах авіякампаніі „Белавія“, якія накіроўваюцца з Ташкенту ў Менск», — праінфармавалі ў кампаніі.

Авіякампанія «Белавія» раней паведаміла, што грамадзяне Афганістану ня будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія ляцяць з Турэччыны ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленьні на сайце авіяперавозчыка.

У авіякампаніі патлумачылі, што забарона ўведзена «ў адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў Турцыі».

12 лістапада «Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь.

Таксама авіякампанія Turkish Airlines абвясьціла аб забароне на продаж білетаў грамадзянам краін паходжаньня нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь.

Апрача таго ​ «Белавія» ня будзе перавозіць грамадзян Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах з Дубаю ў Беларусь. Інфармацыя пра гэтае рашэньне зьявілася на афіцыйным сайце авіякампаніі.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG