Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд адмяніў канфіскацыю 61 000 даляраў у пэнсіянэра, які заступіў за лінію «зялёнага» калідора ў аэрапорце


Менскі гарадзкі суд.

25 лістапада Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю па справе пэнсіянэра Аляксандра Рачкоўскага, паведамляе Onliner.

10 лістапада судзьдзя Партызанскага раёну Менску пастанавіў прыцягнуць Рачкоўскага да адміністрацыйнай адказнасьці па ч. 2 арт. 15.5 КаАП, аштрафаваць на 290 рублёў і канфіскаваць у яго 60 800 даляраў і 400 рублёў за тое, што ў менскім аэрапорце ён пераступіў зялёную лінію пры працэдуры мытнага афармленьня і фармальна ўчыніў правапарушэньне.

Пэнсіянэры Рачкоўскія ўлетку пахавалі сына, прадалі дом за горадам і ўпершыню прыехалі ў аэрапорт, каб паляцець у Анталію — там Аляксандар Рачкоўскі хацеў купіць нешта зь нерухомасьці, каб здаваць і атрымліваць даход.

На першым судзе Аляксандар Рачкоўскі расказаў, што калі яны падышлі да мытнага пункту, жонка пайшла наперад, ён хваляваўся за яе, дый сам быў у стрэсавым стане. Ён ведаў пра неабходнасьць дэкляраваць грошы, хацеў зьвярнуцца да інспэктара, але ў чырвоным калідоры нікога не было. Адзіны чалавек, у якога ён мог спытаць пра дэкляраваньне грошай, — супрацоўніца мытні за «зялёнай» стойкай. Ён зьвярнуўся да яе. На пытаньне, у які калідор яму трэба, сказаў «у чырвоны», але пакуль гаварыў гэта ёй, па няведаньні заступіў прыкладна на 30 сантымэтраў за лінію на падлозе «зялёнага калідора». Пасьля заўвагі супрацоўніцы адразу выйшаў назад.

На паседжаньні 25 лістапада адвакат заявіў, што раённы суд не ўлічыў, што ў Рачкоўскага былі дакумэнты аб паходжаньні грошай і ён меў намер, вусна заявіўшы пра гэта, іх дэкляраваць. А правапарушэньне было зьдзейсьнена празь неасьцярожнасьць. Таксама не ўлічылі зьвесткі пра сям’ю Рачкоўскага і яго стан здароўя: Рачкоўскі — інвалід 2-й групы, два месяцы таму ў яго памёр сын. Як патлумачыў адвакат, суд прыйшоў да думкі, што Рачкоўскі не прызнаў сваёй віны, але гэта абвяргаецца аўдыяпратаколам судовага паседжаньня: ён сваю віну прызнаў.

Прадстаўніца мытных органаў на судзе падтрымала рашэньне раённага суду:

«Пераступіўшы лінію, чалавек заявіў аб адсутнасьці намераў дэкляраваць каштоўнасьці. Пры аглядзе былі знойдзеныя грошы. Лічым, што падставаў для адмены пастановы няма».

Выслухаўшы абодва бакі, судзьдзя Яўген Хаткевіч пастанавіў адмяніць рашэньне раённага суду і вызваліць Рачкоўскага ад адказнасьці за малазначнасьцю парушэньня. Грошы — вярнуць.

Мытня мае 6 месяцаў на абскарджваньне рашэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG