Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх памежнікаў і буйных кампаній, — крыніцы


Старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо, архіўнае фота

Эўразьвяз, пэўна, увядзе пэрсанальныя санкцыі супраць кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоля Лапо і камандзіра Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў памежнай службы Ігара Кручкова, паведаміла з спасылкай на крыніцу RFE/RL «Настоящее время».

Гэтыя сілавікі, а таксама іншыя беларускія чыноўнікі і кампаніі, як чакаецца, будуць унесеныя ў так званы пяты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыі Эўразьвяз рыхтуе на тле мігранцкага крызісу на мяжы зь Беларусьсю. У ім Захад вінаваціць Аляксандра Лукашэнку. Новы пакет абмежаваньняў могуць прыняць ужо да канца наступнага тыдня.

Чакаецца, што новыя санкцыі закрануць каля трыццаці чалавек і арганізацый у Беларусі.

Раней нямецкае выданьне Spiegel паведаміла , што ў пятым пакеце санкцый могуць апынуцца

  • «Белавія»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Беларусьнафта»,
  • сырыйская чартэрная авіякампанія Cham Airlines,
  • турэцкі пастаўнік пашпартна-візавых паслуг VIP Grub,
  • беларускія турыстычныя кампаніі «Аскартур» і
  • «Цэнтаркурорт».

Spiegel спасылаецца на канфідэнцыйны сьпіс, зацьверджаны кіраўніком дыпляматыі ЭЗ Жузэпам Бурэлем, зь якім пазнаёміліся журналісты выданьня.

У чацьвер, 25 лістапада, займацца санкцыйным сьпісам будуць экспэрты краін – сяброў ЭЗ. У панядзелак, 29 лістапада, яго могуць зацьвердзіць амбасадары. Канчатковае рашэньне можа быць прынята на міністэрскай сустрэчы ў канцы наступнага тыдня, паведаміў Spiegel.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG