Паводле нямецкага выданьня Spiegel, у пятым пакеце санкцый Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму апынуцца «Белавія» і дзьве іншыя буйныя беларускія кампаніі.
Spiegel адзначае, што, акрамя «Белавія» і беларускіх чыноўнікаў, якіх Брусэль вінаваціць у перавозцы мігрантаў да зьнешняй мяжы Эўразьвязу, у сьпісе апынуцца «Гродна Азот» і «Беларусьнафта», а таксама сырыйская чартэрная авіякампанія Cham Airlines і турэцкі пастаўнік пашпартна-візавых паслуг VIP Grub.
Spiegel таксама паведамляе, што ў санкцыйны сьпіс трапілі беларускія турыстычныя кампаніі «Аскартур» і «Цэнтркурорт».
Падаючы гэтую інфармацыю, Spiegel спасылаецца на канфідэнцыйны сьпіс, зацьверджаны кіраўніком дыпляматыі ЭЗ Жузэпам Бурэлем, зь якім пазнаёміліся журналісты выданьня.
Паводле нямецкага выданьня, за ўнясеньне «Белавія» ў санкцыйны сьпіс выступалі Польшча і краіны Балтыі, а сумневы мела Нямеччына.
У чацьвер, 25 лістапада, займацца санкцыйным сьпісам будуць экспэрты краін-чальцоў ЭЗ; у панядзелак, 29 лістапада, яго могуць зацьвердзіць амбасадары. Канчатковае рашэньне можа быць прынята на міністэрскай сустрэчы ў канцы наступнага тыдня, піша Spiegel.