Новы суд над рок-музыкам Ігарам Банцэрам прайшоў у Віцебску 24 лістапада. Суд Чыгуначнага раёну Віцебска адмовіў кіраўніцтву віцебскай «хіміі» перавесьці Банцэра ў калёнію на больш жорсткі рэжым.
Першапачаткова Банцэр меўся вызваліцца з «хіміі» ў лютым 2022 году. Калі бы рашэньне аб пераводзе на калёнію ад 29 верасьня засталося ў сіле, то ён бы скончыў адбываць пакараньне сёлета ў лістападзе. Аднак пасьля новага суду 24 лістапада пакуль не зразумела, калі ў палітвязьня скончыцца тэрмін пакараньня.
Першы такі суд адбыўся над Банцэрам 29 верасьня. Тады яму прызначылі 1 месяц 25 дзён калёніі агульнага рэжыму да канца зьняволеньня.
Аднак празь месяц пасьля таго суду высьветлілася, што судовыя дакумэнты аформілі няправільна, бо спаслаліся на артыкул 415 Крымінальнага кодэксу, які нядаўна выключылі з заканадаўства.
Ігар Банцэр на «хіміі»
Пасьля 29 верасьня вязень месяц прасядзеў у віцебскім СІЗА, потым на некалькі дзён яго вярнулі на «хімію», адкуль накіравалі ў штрафны ізалятар горада Гарадок на Віцебшчыне. Ён сядзеў у камэры без ацяпленьня пры той жа прыкладна тэмпэратуры, якая была на вуліцы. ШЫЗА яго пакаралі за тое, што адмовіўся пасяліцца ў камэру да чалавека зь «нізкім статусам», і таму, што ляжаў удзень на карантыне, а не сядзеў на ложку.
Перад судом Банцэр моцна прастудзіўся. На «хіміі», дзе ён знаходзіўся ў папярэднія дні, ёсьць вязьні з тэмпэратурай, кашлем, моцнай слабасьцю.
Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён бязь ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасьля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна мэдычнае абсьледаваньне і лячэньне ў шпіталі.