Эўрапейскі зьвяз прапануе ўнесьці ў санкцыйны сьпіс турыстычныя кампаніі, якія спрыяюць патоку мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай, паведаміла ў аўторак агенцтва Bloomberg са спасылкай на адпаведны дакумэнт.
«ЭЗ прапануе ўнесьці ў „чорны сьпіс“ турфірмы, якія дапамагаюць патоку мігрантаў», — інфармуе агенцтва.
Паводле яго зьвестак, Брусэль зьбіраецца ўжо ў аўторак апублікаваць «прапанову, накіраваную на Беларусь».
Напярэдадні эўракамісар Олівэр Вархэі заявіў, што ЭЗ вядзе працу над далейшымі спосабамі адказу на сытуацыю зь мігрантамі на польска-беларускай мяжы і абвесьціць пра іх на гэтым тыдні.
«Мы працуем над спосабамі актывізацыі нашага адказу мэтанакіраваным і эфэктыўным чынам. Іх вам трэба чакаць ад нас на гэтым тыдні», — паведаміў Вархэі на супольнай прэс-канфэрэнцыі з канцлерам Аўстрыі Аляксандрам Шаленбэргам і лідэрам беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай.
ЭЗ раней мадыфікаваў санкцыйны рэжым супраць Беларусі, зрабіўшы магчымым увядзеньне абмежаваньняў у адказ на міграцыйны крызіс.
На мінулым тыдні кіраўнікі МЗС краін ЭЗ узгаднілі пяты пакет санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі зь міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі з Польшчай.