Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі адказалі на рэпліку Лукашэнкі аб перамовах Пуціна і Навальнага


Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў пракамэнтаваў словы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасьць перамоваў з апазыцыяй.

У інтэрвію тэлеканалу ВВС Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўступіць у перамовы са Сьвятланай Ціханоўскай, як толькі аналягічнае зробіць ягоны расейскі калега Ўладзімір Пуцін з Аляксеем Навальным.

«Як відаць, Аляксандар Рыгоравіч вельмі маляўніча такім чынам заявіў пра катэгарычную немагчымасьць і адсутнасьць якой-небудзь тэмы для размовы са спадарыняй Ціханоўскай. Менавіта так гэта, напэўна, трэба тлумачыць», — спасылаецца на рэакцыю на гэтую рэпліку Дзьмітрыя Пяскова «Інтэрфакс».

У прадстаўніка Крамля таксама ўдакладнілі, ці сапраўды Ўладзімір Пуцін у прыватных размовах з Аляксандрам Лукашэнкам не заклікае таго да перамоваў са Сьвятланай Ціханоўскай.

«Безумоўна, тут ня можа ісьці размовы аб нейкім ціску. Таму што кіраўнік сувэрэннай краіны сам вызначае, з кім яму весьці дыялёг. І для чаго, і дзеля чаго», — удакладніў Дзьмітрый Пяскоў.

Кажучы ў інтэрвію Стыву Розэнбэргу пра параду з Масквы распачаць дыялёг з апазыцыяй, Аляксандар Лукашэнка спаслаўся на самога Ўладзімера Пуціна.

«Я магу паралель правесьці. Вось як толькі Пуцін з Навальным сядуць за стол перамоваў, я імгненна са Сьвятланай (Ціханоўскай) пачну весьці перамовы», — адрэагаваў ён.

У сваю чаргу Крэмль ніяк не пракамэнтаваў магчымасьць перамоваў Уладзіміра Пуціна са зьняволеным апазыцыянэрам Аляксеем Навальным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG