МЗС Эстоніі: пяты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму прымуць пад канец лістапада

Эва-Марыя Ліймэц, кіраўніца МЗС Эстоніі
Эва-Марыя Ліймэц, кіраўніца МЗС Эстоніі

Міністарка замежных спраў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэц сказала, што пяты пакет санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага рэжыму ўступіць у сілу пад канец лістапада.

«Цяпер пастаўлена мэта ўвесьці гэтыя санкцыі да канца месяца», — цытуе Ліймэц эстонскае радыё.

Яна дадала, што санкцыі будуць узгодненыя зь іншымі краінамі-аднадумцамі, такімі як ЗША, якія плянуюць увесьці новыя санкцыі на пачатку сьнежня.

Паводле Ліймэц, санкцыйны сьпіс яшчэ ўзгадняецца паміж краінамі-чальцамі ЭЗ і пакуль не абвешчаны з прычыны юрыдычных фармальнасьцяў.

Ліймэц не змагла сказаць, ці ўнясуць у санкцыйны сьпіс беларускую авіякампанію «Белавія».

Згодна з ранейшымі паведамленьнямі, санкцыі пятага пакету закрануць беларускіх чыноўнікаў і кампаніі, якія, паводле зьвестак ЭЗ, удзельнічаюць у арганізацыі перавозкі мігрантаў у Беларусь.

​
XS
SM
MD
LG