Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы ўвялі новыя правілы для тэлевізіі ў Афганістане і забаранілі жанчынам здымацца ў сэрыялах


Пратэст жанчын у Кабуле, кастрычнік 2021

Кіраўніцтва руху «Талібан» зацьвердзіла новыя правілы тэлетрансьляцыі ў краіне, паведамляе BBC.

  • Згодна з новымі правіламі, усе журналісткі і вядоўцы-жанчыны мусяць зьяўляцца на экране з пакрытай галавой. Тып хіджабу і наколькі ён павінен закрываць іншыя часткі цела, у заяве талібаў не ўдакладняецца.
  • «Талібан» забараніў паказваць фільмы і сэрыялы, якія супярэчаць «прынцыпам шарыяту», ісламскаму праву і «афганскім каштоўнасьцям».
  • Жанчынам зусім забаронена здымацца ў сэрыялах.
  • Фільмы і сэрыялы, дзе мужчыны агаляюць інтымныя часткі цела, таксама забароненыя.
  • Забароненыя камэдыйныя і забаўляльныя шоў, якія абражаюць рэлігію ці могуць лічыцца абразьлівымі для афганцаў.
  • Забаронена паказваць замежныя фільмы, якія «прапагандуюць замежныя культурныя каштоўнасьці».

Худжатула Муджадэдзі, сябра арганізацыі, якая прадстаўляе журналістаў у Афганістане, сказаў, што абвяшчэньне новых абмежаваньняў было нечаканым. Паводле яго, у выпадку іх строгага выкананьня некаторыя трансьляцыйныя кампаніі будуць вымушаныя спыніць работу.

Прадстаўнікі групоўкі «Талібан» захапілі ўладу ў Афганістане ў жніўні 2021 году. Яны ня раз сьцьвярджалі, што маюць намер выконваць правы жанчын, але ў выніку іх моцна абмежавалі. Талібы забаранілі жанчынам у Афганістане займацца спортам, у тым ліку ўдзельніцам нацыянальных зборных, растлумачыўшы гэта тым, што твары і целы спартовак у гэтым выпадку застаюцца «адкрытымі для назіральнікаў», а «іслам і Ісламскі эмірат не дапускаюць гэтага».

Групоўка таксама дазволіла жанчынам вучыцца ў школах і ВНУ (толькі асобна ад мужчын і толькі пры наяўнасьці адзеньня, якое цалкам закрывае іх твары і целы). Выкладаць жанчынам, згодна з гэтым указам, змогуць або жанчыны, або пажылыя мужчыны, якія павінны будуць атрымліваць ухвалу ад «Талібану» ў кожным асобным выпадку.

Талібы не рэкамэндавалі жанчынам выходзіць з дому без суправаджэньня сваяка мужчынскага полу, патлумачыўшы, што гэта нібыта ўводзіцца ў мэтах бясьпекі жанчын. «Нашы сілы бясьпекі не навучаныя, як паводзіць сябе з жанчынамі, як размаўляць з жанчынамі», — казалі яны.

Мэр Кабулу таксама параіў жанчынам – муніцыпальным службоўцам заставацца дома, калі іх працу можа выконваць мужчына. Па сутнасьці яго рашэньне азначае забарону для жанчын працаваць у дзяржаўным сэктары, за выняткам асобных пасадаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG