Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы запэўніваюць, што вяртаньня да мінулага ня будзе, але музыку забароняць


Забіхула Муджахід
Забіхула Муджахід

Забіхула Муджахід — верагодна, будучы міністар культуры ва ўрадзе талібаў, якія вярнуліся да ўлады ў Афганістане, — пацьвердзіў паведамленьні, што пры новым кіраўніцтве ў краіне будзе забароненая музыка ў грамадзкіх месцах, а жанчыны ня змогуць пакідаць дом без суправаджэньня больш як на 3 дні.

Забіхула Муджахід, які доўгі час лічыцца асноўным прадстаўніком руху «Талібан» у кантактах са СМІ, на тым тыдні даў інтэрвію The New York Times. Выданьне называе гутарку першым паўнавартасным інтэрвію палітыка заходняму мэдыя. На працягу ўсёй гутаркі ён спрабаваў пераканаць суразмоўцаў, што талібы, якія кантралююць амаль увесь Афганістан, не імкнуцца вярнуць краіну ў мінулае, у прыватнасьці, зноў пасадзіць пад замок жанчын, рэзка абмежаваўшы іх у грамадзянскіх правах.

Інтэрвію было запісана празь дзень пасьля таго, як Муджахід папярэдзіў афганскіх жанчын, што для іх пакуль будзе бясьпечней заставацца дома. Паводле яго, пільнасьць варта захоўваць да таго часу, пакуль правільна абыходзіцца з жанчынамі ня навучаць шараговых чальцоў «Талібану».

У астатнім талібы абяцаюць, што, у адрозьненьне ад пэрыяду іх кіраваньня 20 гадоў таму, жанчынам будзе дазволена вучыцца, працаваць, выходзіць з дому ў тым выглядзе, у якім яны самі палічаць патрэбным, і без суправаджэньня сваяка-мужчыны. Патрабаваньне аб абавязковым суправаджэньні жанчыны сваяком будзе тычыцца толькі тых выпадкаў, калі яна адпраўляецца ў паездку на тры дні або даўжэй, сьцьвярджае прадстаўнік талібаў.

«Мы хочам будаваць будучыню і забыцца пра ўсё, што было ў мінулым», — падкрэсьлівае Забіхула Муджахід. Ён адхіліў перасьцярогі, што талібы ўжо пачалі помсьціць тым, хто пярэчыць іх прыходу да ўлады або раней супрацоўнічаў з заходнімі вайскоўцамі, у тым ліку перакладчыкам, што людзей шукаюць, абыходзячы дом за домам.

Муджахід таксама адмаўляе, што «Талібан» перашкаджае выезду мясцовых жыхароў, якія спрабуюць пакінуць Афганістан. «Калі ўсе дакумэнты сапраўдныя (пашпарты, візы), то мы нават не зьбіраемся пытацца, чым гэтыя людзі займаліся раней», — запэўнівае Муджахід.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG