Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто кіруе «Талібанам» і што вядома пра лідэраў руху


«Талібан»
«Талібан»

«Талібан» захапіў уладу ў Афганістане за лічаныя дні, і цяпер фармуе ў краіне новыя органы ўлады. Паводле часопіса Foreign Policy, у выніку талібы маюць намер сфармаваць раду з 12 чалавек для кіраваньня дзяржавай.

А вось што вядома пра тых, хто кіраваў рухам у апошні час і пры кім прывёў яго да захопу ўлады.

На чале «Талібану» стаяць лідэр арганізацыі і тры ягоныя намесьнікі.

Лідэра завуць Хайбатула Ахундзада. Яму 60 гадоў, ён далучыўся да «Талібану» ў 1994 годзе, амаль адразу пасьля заснаваньня руху. У «Талібане» працаваў у «паліцыі нораваў» і шарыяцкіх судах, створаных ісламістамі.

Якія менавіта прысуды ён выносіў, невядома, але па зьвестках BBC, на яго рахунку і сьмяротныя выракі, напрыклад за шлюбную здраду.

Тэлеканал «Аль-Джазіра» апісвае Хайбатулу Ахундзаду як чалавека, які «мае рэпутацыю багаслова-кансэрватара, ня ўмее карыстацца мабільным тэлефонам і ня любіць зьяўляцца на публіцы». Яго бацька быў вясковым імамам.

Пры гэтым Ахундзада — першы лідэр «Талібану», які ня меў ваеннага досьведу. Ён духоўны лідэр, які, па словах аналітыкаў, можа ўплываць «хутчэй на клірыкаў, чым на палявых камандзіраў».

Намесьнік Ахундзада Мухамад Якуб карыстаецца папулярнасьцю ў палявых камандзіраў, ён старэйшы сын заснавальніка «Талібану» Мухамада Амара. Яму каля 30 гадоў, але інфармацыі пра яго мала — настолькі, што нават дакладна невядома, як ён выглядае — у заходніх мэдыя няма яго фатаздымкаў.

Палітычны намесьнік кіраўніка «Талібану» — Абдул Гані Барадар. Яму 53 гады, па сутнасьці, ён галоўны дыплямат талібаў і самы публічны прадстаўнік «Талібану».

Гэта ён у лютым мінулага году ў Досе падпісваў пагадненьне аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Афганістану. У 2019 годзе ён жа сустракаўся ў Маскве зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Барадар быў арыштаваны ў Пакістане ў 2010 годзе, яго вызвалілі праз 8 гадоў на просьбу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, каб зь ім можна было весьці мірныя перамовы як з прадстаўніком «Талібану». Ён жа цяпер актыўна запісвае розныя звароты, у якіх спрабуе пераканаць, што «Талібан» не зьбіраецца караць афганцаў.

Яшчэ адзін намесьнік лідэра талібаў Сіраджудын Хакані адказвае за ваенныя апэрацыі і тэракты. Ён кіруе «Сеткай Хакані», заснаванай яго бацькам, адной з баявых структур «Талібану». Хакані абвешчаны ў міжнародны вышук з узнагародай у 5 мільёнаў даляраў.

Па дадзеных агенцтва Reuters, менавіта «Сетка Хакані» распаўсюдзіла выкарыстаньне ў Афганістане тэрарыстаў-сімяротнікаў. Па дадзеных часопіса Newsweek, Хакані напісаў дапаможнік для тэрарыстаў, дзе спрабаваў апраўдаць самападрывы і адразаньне галоваў ворагам.

Летась газэта The New York Times апублікавала калёнку Хакані, у якой ён ухваляў перамовы з ЗША і разважаў пра сьвет. Газэту пазьней асудзілі за даваньне трыбуны тэрарысту.

Пасьля падзеньня Кабулу «Сетцы Хакані» даручылі «забясьпечваць там бясьпеку». Крыніца ў дыпляматычных колах ЗША лічыць, што даручыць групоўцы ахову Кабулу — «прыкладна тое ж самае, што даручыць лісу ахову куратніка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG