Спэцслужбы Польшчы не пацьвярджаюць сьмерць аднагадовага дзіцяці на польска-беларускай мяжы

Беспарадкі на беларуска-польскай мяжы
Беспарадкі на беларуска-польскай мяжы

18 лістапада ў польскіх СМІ зьявілася інфармацыя пра сьмерць аднагадовага дзіцяці ў лесе на польска-беларускай мяжы.

Аднак мэдычныя службы, якія прысутнічаюць на месцы, на гэты момант не пацьвярджаюць гэтую інфармацыю. Таксама выпадак пракамэнтавалі супрацоўнікі паліцыі і памежнай службы Польшчы.

Учора ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі паведамілі, што ўначы яны дапамаглі тром мігрантам, у тым ліку сырыйскай пары, якіх знайшлі ў цяжкім стане ў лесе.

«Іх дзіця, якому быў адзін год, памерла ў лесе», — паведамлялі ратавальнікі, спасылаючыся на інфармацыю, атрыманую ад сужэнцаў.

Пазьней ратавальнікі Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі вырашылі ўдакладніць, што сьмерць дзіцяці адбылася каля месяца таму. З самой парай кантакту на гэты момант няма, паведамляе польскі партал Onet.pl

Прадстаўніца ПЦМД падкрэсьліла, што яны не правяраюць такога кшталту інфармацыю.

«Інфармацыя зьявілася падчас усплёску эмоцый гэтай жанчыны. Падрабязнасьцяў мы не пыталіся. Гэтым людзям мы аказвалі найперш мэдычную дапамогу. Яны не патрабавалі шпіталізацыі і засталіся там, дзе мы іх знайшлі, — сказала Аляксандра Руткоўская, прэс-сакратар ратавальнікаў ПЦМД.

Прэс-сакратар паліцыі Падляшша Томаш Крупа падкрэсьліў, што ані паліцыі, ані пракуратуры не вядомыя ні месца, ні час, ні абставіны сьмерці дзіцяці.


«Можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра беларускі бок, таму што месяц таму ў СМІ зьявілася інфармацыя аб тым, што такая сытуацыя мела месца ў Беларусі, так што, магчыма, гэта і мелася на ўвазе», — сказаў ён.

Польская памежная служба паведаміла, што таксама нічога ня ведае пра гэтую сытуацыю.

«Мы такіх людзей не затрымлівалі. Мы патэлефанавалі ў памежныя шпіталі, бо думалі, што ратавальнікі даставілі гэтых людзей у шпіталь. Мы хацелі гэта ўдакладніць. Але нікога падобнага не знайшлі», — падкрэсьліла прэс-сакратарка памежнай службы Польшчы Ганна Міхальска.

​
XS
SM
MD
LG