Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем выкарыстоўваць усе належныя сродкі абароны». Ва Ўкраіне расказалі аб сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю


Беларуска-ўкраінская мяжа. Валынская вобласьць Украіны

Улады Ўкраіны перакананыя, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і эўрапейскіх краіны ў любы момант можа абвастрыцца.

«Гэты крызіс створаны штучна, і ім кіруюць спэцслужбы краіны-агрэсаркі Расейскай Фэдэрацыі. Тысячы мігрантаў намагаюцца прарваць мяжу Польшчы пад суправаджэньнем беларускіх вайскоўцаў. Мы гэта бачылі на дзясятках відэа, якія публікуюць людзі, што знаходзяцца там», — заявіў міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі, выступаючы 19 лістапада ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны са справаздачай аб рэагаваньні на імаверную эскаляцыю на мяжы зь Беларусьсю.

Украінскі міністар перакананы, што цяпер завяршыўся «толькі першы этап гэтай спэцыяльнай апэрацыі». «Другі і наступны залежаць ад рэакцыі міжнароднай супольнасьці, у першую чаргу краін ЭЗ і NATO».

Дзяніс Манастрыскі ня выключыў, што сытуацыю зь мігрантамі будуць старацца выкарыстаць напоўніцу, каб «нанесьці максымальную шкоду як Эўрапейскаму Зьвязу, так і Ўкраіне».

«Мы не выключаем магчымасьці, што Расея наважыцца на мэтанакіраваны пропуск праз Беларусь на нашу тэрыторыю вялікай колькасьці нелегальных мігрантаў».

Украінскі міністар дадаў, што пры неабходнасьці ў памежных рэгіёнах і абласьцях будзе абвешчана надзвычайная сытуацыя. Цяпер у ахове ўкраінскай мяжы задзейнічана 15 верталётаў, 2 самалёты, 44 дроны, а таксама рэзэрвы Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі. Праз два тыдні паблізу мяжы адбудуцца палявыя вучэньні пры ўдзеле Ўзброеных сілаў Украіны.

«У выпадку агрэсіўных дзеяньняў парушальнікаў мяжы прадугледжана выкарыстаньне спэцыяльных сілаў і сродкаў, а таксама зброі. Пры пагрозе памежнікам і праваахоўнікам мы будзем выкарыстоўваць усе належныя сродкі абароны, у тым ліку агнястрэльную зброю», — падкрэсьліў міністар.

Паводле яго, зь мясцовымі ўладамі ўжо распрацавалі прэвэнтыўныя захады для выяўленьня ў памежжы падазроных асобаў і правакатараў, а зь апэратарамі мабільнай сувязі адмовіліся аб рассылцы папераджальных паведамленьняў аб міграцыйным заканадаўстве Ўкраіны і прававых наступствах ягонага парушэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG